Беларускі МЗС: Спроба замаху на Мадуру — варварскі акт тэрарызму

«У гэты цяжкі момант Беларусь побач з Венэсуэлай», — запэўніў МЗС.



PAP/EPA/MIGUEL GUTIERREZ

PAP/EPA/MIGUEL GUTIERREZ

Спроба замаху 4 жніўня на прэзідэнта Венэсуэлы Нікаласа Мадуру, у выніку якой атрымалі раненні сем чалавек, з’яўляецца варварскім і нялюдскім актам тэрарызму, гаворыцца ў апублікаванай 6 жніўня заяве беларускага МЗС.

«Выкарыстанне гэтак агідных метадаў у палітычнай барацьбе не будзе ніколі прынятае Беларуссю. Мы будзем заўсёды нязгодныя з любымі праявамі тэрору і гвалту. Толькі народ Венэсуэлы і выключна шляхам мірнага дыялогу ў рамках прававога поля і Канстытуцыі мае права вызначаць шляхі вырашэння складаных сітуацый і спосабы вырашэння ўсіх рознагалоссяў у венэсуэльскім грамадстве», — падкрэсліваецца ў заяве.

«У гэты цяжкі момант Беларусь побач з Венэсуэлай», — запэўніў МЗС.

Замах адбыўся падчас ваеннага параду. Для нападу выкарыстоўваліся беспілотнікі з выбухоўкай. Мадура не пацярпеў, ён быў эвакуіраваны службай бяспекі. Каракас абвінаваціў у замаху Калумбію, тая аспрэчыла абвінавачванні.

www.radyjo.net