Баец "Січы", які кінуў гранату каля Рады, прыехаў з зоны АТА ў адпачынак

Ён назваўся "свабодаўцам" і байцом батальёна "Січ", які знаходзіцца ў адпачынку з 3 жніўня па 3 верасня.



rada_3108_3.jpg

Затрыманы каля Вярхоўнай Рады чалавек прызнаўся, што кінуў гранату падчас сутычак паміж праваахоўнікамі і мітынгоўцамі. Пра гэта заявіў міністр ўнутраных спраў Украіны Арсен Авакаў.

Як паведамляла Еўрарадыё, сёння ў Вярхоўнай Радзе прынялі ў першым чытанні змены ў Канстытуцыю, накіраваныя на дэцэнтралізацыю ўлады. Акцыя пратэсту, якая сабралася каля ўкраінскага парламента, вылілася ў жорсткія сутычкі з праваахоўнікамі. Потым у байцоў Нацгвардыі паляцела баявая граната: ад яе загінуў адзін чалавек, некалькі дзясяткаў былі параненыя.

"Затрыманы Гумянюк Ігар Уладзіміравіч выкарыстаў гранату тыпу РГА... Адна граната была пры ім, пры затрыманні, другую ён кінуў, прызнаўся ў гэтым, і чака ад гранаты была ў яго. Назваўся "свабодаўцам" і байцом батальёна "Січ", які знаходзіцца ў адпачынку з 3 жніўня па 3 верасня", — перадае УНІАН словы Авакава.

Міліцыя заяўляе, што 10 з параненых праваахоўнікаў знаходзяцца ў цяжкім стане.

euroradio.fm

Фота: УНІАН