Амбасадар Ізраіля просіць Беларусь асудзіць ракетныя абстрэлы з боку палестынцаў
З заклікам асудзіць ракетныя абстрэлы з боку палестынцаў звярнуўся да беларускіх уладаў амбасадар Ізраіля ў Мінску Алекс Гольдман-Шайман.
«10 мая тэрарыстычная арганізацыя ХАМАС пачала чарговую серыю злачынстваў супраць мірных жыхароў Ізраіля, падвергшы нашу краіну няспынным ракетным абстрэлам з боку сектару Газа, — цытуе зварот амбасадара БелаПАН. — Ад 6 гадзінаў вечара 10 мая па Ерусаліме, Тэль-Авіве і іншым гарадам Ізраіля было выпушчана больш за 1500 ракет, прычым больш за 250 ракет упалі на жылыя раёны самога сектара Газа».
Паводле амбасадара, у выніку абстрэлаў у Ізраілі загінула
сем чалавек, у тым ліку пяцігадовы хлопчык, параненыя — сотні, трое сутак больш
за 2 мільёны ізраільцянаў вымушаныя хавацца ў бамбасховішчах, ад ракет пакутуюць і
арабы, якія пражываюць у Ізраілі.
«У Ізраіля ёсць права абараняць сябе, гарантуючы бяспеку
сваіх грамадзян. Ізраіль дае адэкватны і ўмераны адказ на тэрор, якому
падвяргаецца. Наша мэта — прымусіць ХАМАС спыніць абстрэлы і забойства мірных
жыхароў і знішчыць яго вайсковую інфраструктуру... Мы заклікаем міжнародную
супольнасьць і Беларусь безумоўна асудзіць ракетныя абстрэлы і тэрарыстычныя
дзеянні палестынцаў супраць ізраільскага мірнага насельніцтва, прызнаць
безумоўнае права Ізраілю на абарону сваіх грамадзян», — сказана ў заяве
ізраільскага амбасадара.
Беларускае МЗС на падзеі пакуль не адрэагавала.
Палестына-ізраільскі канфлікт зноў абвастрыўся пасля таго,
як улады Ізраіля выказалі намер выселіць некалькі палестынскіх сем’яў з раёну
Шэйх Джарах ва Ўсходнім Ерусаліме. Слуханне справы адкладзенае. Спрэчка вакол
уласнасці на зямлю ў гэтым раёне працягваецца некалькі дзесяцігоддзяў.
Паводле «Свабоды».