Аляксей Янукевіч: Беларускае грамадства павінна рэагаваць на расійскія пагрозы

Відавочна, зараз існуе пагроза для суверэнітэту Беларусі і яна абвастраецца, — лічыць старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

janukevicz_pramauljae_na_mitynhu.jpg

Так, на апошнім Сойме Пратыі БНФ сярод іншага абмяркоўвалася і сітуацыя ў сувязі з далейшым пагаршэннем адносін паміж кіраўніцтвам Беларусі і Расіі.

— У натуральных умовах гібрыдных войнаў кожны сцэнар прадугледжвае вялікую шматварыянтнасць дзеянняў — і расійскага ўраду, і прарасійскіх арганізацый і актывістаў тут у Беларусі. Безумоўна, апошнія падзеі сведчаць аб там, што пэўныя сцэнары пачалі ажыццяўляцца. Аднак наколькі далёка Расія ў іх здольная будзе зайсці, будзе залежыць ад рэакцыі беларускага грамадства, у першую чаргу, і беларускіх уладаў. Таму што на сённяшні момант аказваецца моцны ціск і на беларускія ўлады Крамлём, і на беларускае грамадства.

Але калі адпаведнай рэакцыі з беларускага боку не будзе, Расія можа запусціць і сцэнары наўпроставага, у тым ліку гвалтоўнага, умяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларусі. Таму вельмі важна, каб грамадства краіны актыўна рэагавала на падобныя праявы і яскрава дэманстравала волю абараняць незалежнасць, — падкрэсліў Аляксей Янукевіч.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя