Аляксандр Казулін: сітуацыя ў краіне стала вельмі небяспечнай , таму што чалавек ўжо не можа законным шляхам абараніць сваё галоўнае права – права на жыццё

Сітуацыя ў краіне стала вельмі небяспечнай, таму што чалавек ўжо не можа законным шляхам абараніць сваё галоўнае права – права на жыццё, заявіў 3 лютага ў Мінску на пасяджэнні грамадзянскай ініцыятывы Рада беларускай інтэлігенцыі (РБІ) палітык Аляксандр Казулін.

Сітуацыя ў краіне стала вельмі небяспечнай, таму што чалавек ўжо не можа законным шляхам абараніць сваё галоўнае права – права на жыццё, заявіў 3 лютага ў Мінску на пасяджэнні грамадзянскай ініцыятывы Рада беларускай інтэлігенцыі (РБІ) палітык Аляксандр Казулін.
Паводле яго слоў, грамадзяне Беларусі пазбаўлены мажлівасці законнымі сродкамі абараніць іншыя свае асноўныя правы, у тым ліку – свабодна абіраць і быць абранымі ў дзяржаўныя органы на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога або ўскоснага выбарнага права пры тайным галасаванні, што замацавана ў артыкуле 38 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Таму ва ўмовах, калі дзяржава пазбавіла сваіх грамадзян магчымасці ажыццявіць неад’емнае права на свабодныя, дэмакратычныя і справядлівыя выбары, грамадзяне маюць права на байкот выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны, падкрэсліў палітык. На яго меркаванне, байкот выбараў з’яўляецца адпаведным адказам грамадства на стаўленне дзяржавы да сваіх грамадзян. “А тыя, хто зараз прапануе ўдзельнічаць у выбарах, з’яўляюцца прамымі супрацоўнікамі ўладаў, – адзначыў Казулін.
Разам з тым, паводле яго слоў, трэба улічваць вялікае жаданне ўладаў правесці парламенцкія выбары без усялякіх зменаў у выбарным заканадаўстве, але з абавязковым удзелам апазіцыі. Таму не можа быць аніякіх ілюзіяў наконт намераў дзяржавы правесці наступныя выбары зноў па сваім сцэнары, як гэта ўжо было не аднойчы, сказаў Казулін.
На яго думку, людзі ўсё больш усведамляюць, што іх жыццё наўпрост залежыць ад таго, якія выбары адбудуцца ў краіне – звычайны фарс, ці нармальны празрысты працэс барацьбы кандыдатаў без ціску з боку дзяржавы. “Беларусы жадаюць, каб дзяржава абараняла сваіх грамадзян – нашыя галасы, нашае здароўе, наш дабрабыт, нашую годнасць, а ў цяжкую хвіліну – і права кожнага з нас на жыццё, – сказаў палітык. 
Ён нагадаў, што згодна з рашэннямі беларускіх апазіцыйных сілаў выбары ў краіне могуць лічыцца свабоднымі і справядлівымі толькі пры выкананні шэрагу умоў, у тым ліку пры абавязковым удзеле прадстаўнікоў дэмакратычнага актыву ў выбарных камісіях усіх узроўняў, пры магчымасці сапраўднага назірання за падлікам галасоў і пры адмене датэрміновага галасавання.  
Сябра рады, старшыня суполкі “Пагоня Беларускага саюза мастакоў Генадзь Драздоў выказаў меркаванне аб неабходнасці падрыхтоўкі заявы РБІ наконт дзейнасці дзяржаўных друкаваных і электронных сродкаў масавай інфармацыі, якія маюць вялікія магчымасці як па выхаванні людзей згодна з спрадвечнымі агульначалавечымі каштоўнасцямі, так і насуперак гэтым каштоўнасцям. На яго думку, афіцыйныя СМІ праводзяць сістэматычную і мэтанакіраваную палітыку па татальным вынішчэнні ўсяго беларускага, усяго нацыянальнага. “Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі дазваляюць вынішчаць нацыю, не забіваючы яе фізічна, – падкрэсліў Драздоў. Паводле яго слоў, у заяве неабходна падкрэсліць адказнасць дзяржаўных СМІ за такія антыканстытуцыйныя дзеянні, якія праводзяцца за грошы падаткаплацельнікаў – грамадзян Рэспублікі Беларусь.