Алесь Бяляцкі ўзнагароджаны праваабарончай прэміяй імя Петры Келі

Мінск, 23 лістапада. Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі, які знаходзіцца ў зняволенні, узнагароджаны прэміяй імя Петры Келі. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання прайшла вечарам 22 лістапада ў Берліне. Прэмію Бяляцкага атрымала яго жонка Наталля Пінчук. "Гэта прэмія — высокая ацэнка яго дзейнасці", — заявіла БелаПАН жонка праваабаронцы.

Яна таксама паведаміла, што Бяляцкі адмовіўся ад грашовага складальніка прэміі, 10 тысяч еўра, і папрасіў накіраваць гэтыя сродкі на падтрымку праваабарончай дзейнасці ў Беларусі.
Прэмія Петры Келі (1947—1992) заснавана ў памяць вядомай палітычнай дзяячкі, якая ўдзельнічала ў стварэнні ў Германіі Партыі зялёных. Прэмія прысуджаецца з 1998 года асобам ці групам асоб за актыўны ўдзел у барацьбе за выкананне правоў чалавека, негвалтоўнае вырашэнне канфліктаў і абарону навакольнага асяроддзя. У апошнія гады ўзнагародай былі ўганараваны расійскі адвакат і праваабаронца Юрый Шміт, кітайскі адвакат Чжан Сычжы, актывістка па абароне правоў чалавека і экалогіі з Кеніі Вангары Маатай, якая пазней стала лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру.
Алесь Бяляцкі адбывае пакаранне па прыгаворы суда, які 24 лістапада 2011 года прызнаў праваабаронцу вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры і прыгаварыў яго да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала наяўнасць у яго замежных рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Суд не узяў пад увагу, што грошы, якія на іх паступалі, выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Не быў узяты пад увагу і той факт, што ўрон, нібыта нанесены Бяляцкім дзяржаве, быў поўнасцю пагашаны за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян.
Асуджаны 50-гадовы праваабаронца адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 2 Бабруйска, дзе працуе ўпакоўшчыкам швейных вырабаў.