Зубр на гербавых гузіках Гродзенскай губерні

Гродзенская губерня была ўтворана 21 студзеня 1801 года. У хуткім часе, 11 ліпеня 1802-га, быў зацверджаны і герб губерні. Ім, як гэта не дзіўна, аказаўся не алень святога Гумберта, а зусім іншая выява — зубр.

Для нас гэта цікава таму, што значная колькасць сучаснай Брэсцкай вобласці тэрытарыяльна знаходзілася ў межах тагачаснай Гродзенскай губерні. За сваю 120-гадовую гісторыю герб быў некалькі разоў зменены. Так, 1 сакавіка 1831 года прыняты ўказ аб выявах на гербавых гузіках, дзе герб Гродзенскай губерні паказаны пад імператарскай каронай.



4ea6a546c19499318091a9df40a13181.jpeg

Гродзенская губерня была ўтворана 21 студзеня 1801 года. У хуткім часе, 11 ліпеня 1802-га, быў зацверджаны і герб губерні. Ім, як гэта не дзіўна, аказаўся не алень святога Гумберта, а зусім іншая выява — зубр.
Для нас гэта цікава таму, што значная колькасць сучаснай Брэсцкай вобласці тэрытарыяльна знаходзілася ў межах тагачаснай Гродзенскай губерні. За сваю 120-гадовую гісторыю герб быў некалькі разоў зменены. Так, 1 сакавіка 1831 года прыняты ўказ аб выявах на гербавых гузіках, дзе герб Гродзенскай губерні паказаны пад імператарскай каронай.
У такім выглядзе герб праіснаваў да 4 ліпеня 1857 года, калі быў прыняты закон «О гербах губерний...», згодна з якім над шчытом губернскага герба паказвалася імператарская карона, а вакол шчыта — дубовыя лісты з уплеценай андрэеўскай стужкай.
А 5 ліпеня 1878 года быў зацверджаны новы герб, складзены па правілах 1857-га: у чырвоным полі залаты зубр з чорнымі вачамі і языком. Шчыт аточаны залатымі дубовымі лістамі з уплеценай блакітнай андрэеўскай стужкай.
Але гэты артыкул — не зусім пра герб Гродзенскай губерні і самога горада Гродна. Гэтым я толькі адзначанаю, што на гербе была выява зубра, а не якога-небудзь іншага звера. А гербавыя гузікі ў адзначаны час насіліся на мундзірах чыноўнікаў.
Як жа выяўлялі зубра мастакі-мадэльеры на тагачасных гузіках?
З апісаннем зубра як дзіўнай для еўрапейскага чытача жывёлы звярнуўся ў ХVI стагоддзі Мікола Гусоўскі. Пэўна, ён адзін з першых, хто сутыкнуўся з праблемай, як паказаць нябачанага нікім звера.
Скажам, калі б наўздагад я пачаў падбіраць параўнанні
З мордай і каркам ягонымі, не падабраў бы.
Злямчаны клін барады памялом вытыркае з-пад сківіц,
З позірку зыраць і злосць, і нянавісць, і ярасць;
Грыва калматая шчыльна да самых лапатак
Шыю ўкрывае, звісаючы ўніз па калені.
Можа, магчыма тут наша падаць параўнанне —
Часта ж раўняюць малое з вялікім, як быка з індыкам, —
Гэта казёл барадаты з нагуляным целам.
Вось ён — бізон ваш. Што у нас называецца зубрам!
Масці паджарай, як мешанка, бурай і чорнай.
Быццам з вякоў у вякі праходзіў праз горны
І гартаваўся, сабраўшы адценні стагоддзяў.
Дзіўна, што ў кнігах апісаны ён недакладна,
Я ж без падставы псаваць не хачу і не буду
Тое, што ў спадчыну ён атрымаў ад прыроды.

Але адна справа — апісаць словамі, і зусім іншая — выява на метале, на такім масавым паўсядзённым атрыбуце чыноўніка, як мундзірны гузік. Здавалася б, мастак павінен быў вельмі сур’ёзна падысці да гербавай выявы. Але на справе атрымлівалася зусім іншае. Згадваюцца словы А. Пушкіна: «Там на нязведаных сцяжынах сляды нябачаных звяроў...»
І таму на гузіках тыражаваліся сапраўды невядомыя звяры, або вядомыя, але зусім не зубры, а такія экзатычныя, як афрыканская зебра.
Можна дапусціць, што ў заапарках Пецярбургу былі зебры, але не было зубра, ва ўсякім разе мастаку была вядома зебра і зусім не вядомы зубр. На самім гузіку цяжка зразумець, гэта зебра ці конь, але вось на паштоўцы 1856 года мастак выразна паказвае чорна-белыя смугі зебры. Не дзіўна, што такое бачанне зубра потым вылазіла і на гузікі. Між тым, у словах «зубр» — «зебра» бачна гукавое падабенства, магчыма, яно і падманула мастака, і ён пасяліў зебру ў Гродзенскай губерні. А што ж, калі Расійская імперыя такая аграмадная, дык чаму ў ёй не быць і зебрам?
Замест зубра знаходзім на гузіках і выяву лася, але не з характэрным для яго кароткім, а з доўгім хвастом, як у каровы, і рагамі аднагадовага самца. Знаходзяцца гузікі з вобразам адначасова ці то мядзведзя, ці то сабакі, ці то зубра. Ёсць і цалкам камічныя істоты: нешта накшталт п’янага лася.
Можна толькі ўявіць, колькі жартаў павінны былі выклікаць такія растыражаваныя «зубры» ў людзей, якія добра ведалі гэтых жывёл. А гузікі з іх выявамі даводзілася насіць высокапастаўленым асобам.
Але як можна правільна адлюстраваць зубра, калі пецярбургскія мастакі ў вочы не бачылі гэтага звера. Ды і зубр з дапамогай чалавека няўхільна набліжаўся да поўнага знішчэння.
Даследаваў пчаляр-паэт
Мікола Папека