Зміцер Вайцюшкевіч: Нам усім трэба працаваць на беларускую справу
У 2020-м годзе вядомы беларускі кампазітар, выканаўца і прадусар плануе пазнаёміць слухачоў з песнямі на вершы Алеся Разанава.
— Ёсць планы зрабіць праект — электронны, шмат функцыянальны — там і графіка, і праекцыя, і музыка. Я працую над праектам, планую, можа, зрабіць нейкі перформанс. Але гэта будзе залежаць і ад маёй фантазіі, і адматэрыяльных рэсурсаў. Але самае галоўнае зараз — гэта песні, і жаданне гэта ўсё ўвасобіць.
Таксама Зміцер Вайцюшкевіч плануе працу з вершамі маладых паэтаў — Віталя Рыжкова і Мікіты Найдзёнава, працягне займацца стварэннем альбома на вершы Алеся Ліпая, а таксама хоча напісаць нізку дзіцячых песень на вершы Аляксея Пысіна. Апрача музычнай творчасці, Зміцер Вайцюшкевіч мае ідэі, што да далейшага развіцця ягонай аграсядзібы — хутара Вайцюшкі, які ўжо даўно ператварыўся ў арт-тэрыторыю, дзе праводзяцца канцэрты, фестывалі і пленэры.
Музыка шмат выступае, і гэты год для Змітра Вайцюшкевіча распачаўся з калядных канцэртаў у розных гарадах. Вельмі часта ён звяртаецца да сваіх слухачоў з пытаннем, што б яны хацелі пачуць. І разважае, ад чаго гэта залежыць:
— Ад настрою, ад пахаў, ад пары году, ад сітуацыі ў краіне. Калі былі «чорныя спісы», натуральна, прасілі праспяваць «Красуню-вясну». Цяпер гэтыя спісы сатлелі, і хочацца верыць, што назаўжды... Часта просяць «Галоднага ваўка», часам «Сцяг» , пад настрой. Розных песень шмат, і я думаю, што песня таксама мае дачыненне да голасу незалежнасці.
Зміцер Вайцюшкевіч мяркуе, што песня можа аб’яднаць беларусаў, і вельмі важна, каб гэта быў агульны хор усяго народу.
Паводле Радыё Рацыя