Выстава да XXI з’езду Беларускага саюзу мастакоў
Дэманструецца ў сталічным Палацы мастацтва з 19 снежня.
Генадзь Маацур. Кастусь Каліноўскі
Як адзначыў у інтэрвью карэспандэнту НЧ мастацтвазнаўца Яўген Шунейка, экспазіцыя сведчыць пра тое, што творчае аб’яднанне, як дзіця свайго часу, перажыла яго і жыве, нягледзячы на ўсе
свае хібы і праблемы.
Алесь Пушкін. Партрэт Яўгена Жыхара
Вось таму выстава ўяўляе сабою своеасаблівы гармідар, дзе кожная праца – асобны мастацкі кірунак, а часам і не адзін. І гэтая шматкультурнасць і разнастайнасць з яе параборамі і адсутнасцю адзінай сістэмы – не горшы паказчык якасці нашага мастацтва, дзе няма раўнення на нейкі ўзорны іканастас. Пра гэта сведчаць і розныя памеры твораў, як ніколі камерныя, што вызначаюць арыенціры мастакоў. У сваёй большасці яны арыентуюцца на прыватнага беларускага і замежнага спажыўца-калекцыянера. Дарэчы, у экспазіцыі амаль адсутнічаюць маштабныя тэматычныя заказныя творы. Такія працы – ужо гісторыя. Скручаныя ў рулоны, яны захоўваюцца ў музейных фондах», -- сказаў Яўген Шунейка.
Віктар Барабанцаў. Дудар. Повязь часоў
Разам з тым, на ягонае меркаванне, выстава такога кшталту павінна вандраваць па краіне, бо яна цікавая ўсім аматарам мастацтва. «А творцы павінны разумець, што толькі вядомасць на Бацькаўшыне можа прынесці мастаку больш
шырокую вядомасць па-за межамі Беларусі», -- падкрэсліў мастацвазнаўца.
Адкрыццё выставы запланавана пад час працы чарговага з'езду БСМ, які будзе праводзіцца ў Мінску 23 снежня і прысвечаны 75-годдзю творчага аб'яднання.