Выйшаў «Верасень» №19

Выйшаў з друку чарговы, дзевятнаццаты па ліку, нумар літаратурна-мастацкага часопіса «Верасень».

48387078_1172159179627903_5593104836045307904_n.jpg

Паэзія ў выданні прадстаўлена вершамі Яўгеніі Паўлавец, Ганны Рудак,Кацярыны Ваданосавай, Уладзіміра Чараухіна, Насты Кудасавай.
Раздзел «Проза» складаюць апавяданні Вольгі Ліхадзіеўскай, Ганны Навасельцавай і аповесць «Супадзенні» Юрыя Несцярэнкі.
У раздзеле «Пераклады» друкуюцца вершы маладога ўкраінскага паэта Яраслава Скідана. Раздзел «Крытыка» адкрывае балючае эсэ Васіля Дранько-Майсюка, прысвечанае Цішку Гартнаму
Аб заснаванні першага Нацыянальнага ўніверсітэта — гутарка Эдуарда Акуліна з Алегам Трусавым. Новымі штрыхамі свайго жыцця дзеліцца Яўген Мартыновіч. Кранальную азбуку вёскі Лагаза прадстаўляе Алена Масцерава. 
Замалёўкі з натуры робіць у сваіх навелах Кастусь Калючы. Нечаканыя алюзіі з рэальным жыццём — у «сонным дзённіку» Алены Масла. Друкуюцца чарговыя нататкі з цыклу «Уладзевы гісторыі» Уладзіміра Сіўчыкава. Аб «знікненні паэтычнага мастацтва» разважае ў сваім палемічным артыкуле крытык Эдуард Дубянецкі.
Трагічныя рысы кахання Гальяша Леўчыка асвятляе Сяргей Чыгрын. Спрабуе вызначыць «моцныя месцы» паэзіі Міхала Бараноўскага ў сваёй рэцэнзіі Яна Будовіч. Замярае «цеплыню каляровых слоў» у кнізе «Фарбы душы» Яніны Пінчук літаратуразнаўца Анатоль Трафімчык. Паэтычнае неба Адама Глобуса адкрывае для чытачоў часопіса ў сваёй рэцэнзіі Алесь Бяляцкі.
Паводле прэс-рэлізу