Вянок дружбы: Арменія
Літаратурны музей Максіма Багдановіча распачынае новы праект — «Вянок дружбы».
Вянок — спляценне кветак, стварэнне непаўторнага ўзору,
новага вобраза. “Засушыў я на паперы краскі, свежыя калісьці, думак шчырых і
чуцця”, — пісаў Максім Багдановіч у эпіграфе да зборніка вершаў “Вянок”.
Кожная краска-кветка мае свой непаўторны водар, свой характар. Так і ў кожнага народа свая адметная культура, традыцыя, звычаі. У межах праекта “Вянок дружбы” музей Максіма Багдановіча будзе знаёміць з адметнасцямі розных народаў і краін. У тым ліку тых, хто на працягу ўжо многіх стагоддзяў жыве на беларускай зямлі, чые традыцыі сталі элементам нашай культуры, і наадварот апынуліся пад уплывам беларускага каларыту.
Распачынаецца серыя сустрэч са знаёмства з Арменіяй. Першая сустрэча зладзіцца сумесна з Мінскім гарадскім армянскім культурна-асветніцкім таварыствам “Айастан”.
7 красавіка армянскі народ адзначае нацыянальнае свята — Дзень мацярынства і прыгажосці, які супадае з Дабравешчаннем Прасвятой Багародзіцы. Гэтае свята — яскравы прыклад яднання хрысціянскай традыцыі з нацыянальнай культурай у паўсядзённым жыцці. Менавіта ў гэты дзень у Арменіі завяршаецца “Месяц ушанавання жанчын”: гучаць віншаванні і словы падзякі матулям, родным і каханым жанчынам.
7 красавіка а 16-й гадзіне музей Максіма Багдановіча запрашае на музычна-забаўляльную і пазнавальную праграму “Вянок дружбы: Арменія”!
У межах сустрэчы чакаюццца майстар-класы па вырабе традыцыйнага армянскага хач астха, расповеды пра гісторыю, культуру, мову, літаратуру, танцавальныя і спеўныя выступы ад выкладчыкаў і навучэнцаў Мінскай аднадзённай Армянскай школы. А таксама расповед пра нацыянальны строй і традыцыйныя рамёствы, гульня ў нарды, танцавальны майстар-клас і флэшмоб.
Са скарбніц музея ўсяго толькі на адзін дзень будзе выстаўлены на экспрэс-выставе арыгінальны слуцкі пояс: як вядома, да вытворчасці слуцкіх паясоў спрычыніліся прадстаўнікі армянскага народу.
У мерапрыемстве возьмуць удзел вакальна-танцавальны ансамбль “Наири”, Карінэ Дрнаян, музычны праект “BON Voyage”, армянскі фальклорны танцавальны ансамбль “Эребуни”.
Запрашаем прыходзіць усёй сям’ёй! Для маленькіх наведвальнікаў будзе працаваць адмысловая пляцоўка з гульнямі, мультфільмамі ды іншымі забавамі.
Дэталі і падрабязная праграма мерапрыемства на старонках музея Максіма Багдановіча у сацыяльных сетках:
https://vk.com/vianokdrujbyarmeniia
https://www.facebook.com/events/301283403882864/
Месца правядзення: Літаратурны музей Максіма Багдановіча (Мінск, вул. М.Багдановіча, 7А — Траецкае прадмесце).
Дата і час: 7 красавіка, 16.00. Уваходвольны.
Даведкі па тэлефонах: (8 017) 334-07-61, (8 017) 334-42-69.
Паводле прэс-службы Літаратурнага музея Максіма Багдановіча