«Вялікі вандроўнік і жартаўнік» — вечар памяці Рыгора Барадуліна адбыўся ў Мінску (фота+відэа+аўдыё)
Выбітны паэт і перакладчык, непераўзыдзены майстра метафары, якому аднолькава добра даваліся і глыбокія філасофскія, рэлігійныя вершы, і творы для дзяцей, і сатыра, і гумар. Вялікі вандроўнік і жартаўнік, як успамінаюць яго блізкія, сябры і калегі. Творца, які пранік у душу свайго народа, здолеў зразумець яе, стаць носьбітам яе адметнай мовы. Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін.
![baradulin_veczar_712.jpg baradulin_veczar_712.jpg](/img/v1/news/full/baradulin_veczar_712.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
На вечар памяці Рыгора Барадуліна, якому 24 лютага споўнілася б 80 гадоў, у мінскі Палац мастацтваў прыйшлі блізкія, сябры, паплечнікі і прыхільнікі ягонага таленту. Сустрэча была арганізаваная ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” супольна з ГА “Саюз беларускіх мастакоў”. Вядоўцам выступіў Рыгор Сітніца, наведала мерапрыемства ўдава паэта Валянціна Барадуліна.
Не аднойчы цягам выступленняў чулася слова “геній”, і тут жа — з асцярогай прыгадвалася, наколькі нівелявалася гэтае слова, наколькі часта цяпер яно ўжываецца ў сучасных мас-медыя, і як варта берагчы яго сутнасць.
Усе без выключэння выступоўцы падкрэслівалі неабходнасць захавання і перадачы наступным пакаленням творчай спадчыны Рыгора Іванавіча як сапраўднай, існай нацыянальнай каштоўнасці.
— У меру сваіх сілаў мы намагаемся зрабіць усё магчымае для ўвекавечання памяці Народнага паэта, — сказаў у прывітальным слове празаік, Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч. — Нядаўна супольна з ЗБС “Бацькаўшчына” мы абвясцілі пра збор сродкаў на помнік Рыгору Іванавічу. Выйшаў першы том “Дзённікаў і запісаў” студэнцкіх гадоў паэта. У дзень нараджэння пісьменніка быў распачаты прыём прац на літаратурны конкурс “Экслібрыс” імя Рыгора Барадуліна, які сёлета прысвечаны паэзіі і вершаваным перакладам.
Паэт Сяргей Законнікаў, зямляк і даўні сябар дзядзькі Рыгора, падзяліўся сваімі ўспамінамі пра паэта, асабліва адзначыўшы простасць у побыце і стасунках з людзьмі, добрае пачуццё гумару Рыгора Іванавіча, безумоўную адданасць літаратурнай працы і трапятлівае стаўленне Рыгора Іванавіча да мовы, якое было выхавана ягонай мамай, Кулінай Андрэеўнай. Успомнілі і пра родныя Вушачы, куды паэт пастаянна наведваўся, з якімі быў непарыўна звязаны з першых да апошніх дзён свайго жыцця.
Пра сваё сяброўства з паэтам распавялі Анатоль Вярцінскі і Васіль Зуёнак, Георгі Ліхтаровіч і Уладзімер Някляеў, Рыгор Сітніца і Уладзімір Сіўчыкаў.
Наталля Давыдзенка, укладальніца нядаўна апублікаванай кнігі мемуараў “Дзённікі і запісы”, а таксама ўнікальнага выдання “Вушацкі словазбор” Рыгора Барадуліна, якое ўжо стала бібліяграфічнай рэдкасцю, расказала пра працэс падрыхтоўкі матэрыялаў да кніг, пра сваё супрацоўніцтва з паэтам і пра тое, колькі яшчэ адметнага варта адкрыць і даследаваць у творчасці Рыгора Іванавіча.
![lit_bel.org__assets_images_2_0c33a64a08f37e6f87c1f0558932faef.jpeg lit_bel.org__assets_images_2_0c33a64a08f37e6f87c1f0558932faef.jpeg](/img/v1/images/lit_bel.org__assets_images_2_0c33a64a08f37e6f87c1f0558932faef.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Хор Sаlutaris
Камерны хор Sаlutaris пад кіраўніцтвам дырыжора Вольгі Янум выканаў духоўныя і народныя кампазіцыі.
Цягам вечара на вялікімі экране экспанаваліся фотаздымкі, прысвечаныя жыццёваму і творчаму шляху Рыгора Іванавіча, ласкава прадастаўленыя арганізатарам фатографам Яўгенам Коктышам і даследчыкам Сяргеем Шапранам. Былі паказаныя таксама два тэматычныя відэасюжэты.
Сяргей Шапран у сваім выступе расказаў пра астатні перыяд жыцця Рыгора Іванавіча. Дзякуючы даследчыку публіка змагла пачуць аўдыёзапісы голасу паэта, апошні з якіх быў зроблены 24 лютага 2014 года (творца адышоў 2 сакавіка 2014), а таксама пабачыць на праектары фота верша, прысвечанага Генадзю Бураўкіну, які да гэтага моманту не ўдалося цалкам расчытаць.
![lit_bel.org__assets_images_2_1fcae0a6c175c4388d572262f26f5d40.jpeg lit_bel.org__assets_images_2_1fcae0a6c175c4388d572262f26f5d40.jpeg](/img/v1/images/lit_bel.org__assets_images_2_1fcae0a6c175c4388d572262f26f5d40.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Аўдыёзапісы прыпевак у выкананні Рыгора Іванавіча, прадастаўленыя Глебам Лабадзенкам, пацвердзілі выдатнае пачуццё гумару і ў самога паэта, і ў беларускага народа.
Вашай увазе — адзін з запісаў.
Музыкант Зміцер Вайцюшкевіч у супрацы з Рыгорам Барадуліным напісаў нямала песень. Некаторыя з іх прагучалі на вечары.
Сустрэча завяршылася, але памяць пра паэта засталася. Застаюцца яго паэтычныя зборнікі (якіх, дарэчы, у Рыгора Іванавіча не меней за сотню), шматлікія матэрыялы і ўспаміны сяброў і блізкіх. Застаецца ў сэрцах беларусаў ён сам.
Тэкст: Віка Трэнас, фота з вечара: Аляксандра Дварэцкая, lit-bel.org
Дзякуем Яўгену Коктышу, Глебу Лабадзенку, Сяргею Шапрану за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялаў.