У Палацы мастацтва абяруць Міс і Містэра Вышыванку
13 снежня «Арт Сядзіба» пры падтрымцы Беларускага саюзу мастакоў праводзіць «Дзень вышыванкі» — другі ў гэтым годзе фестываль беларускай культуры. Свята пройдзе ў мінскім Палацы мастацтваў.
Паводле дырэктара «Арт Сядзібы» Паўла Белавуса, на першы «Дзень вышыванкі» трапілі не ўсе ахвотныя. Таму арганізатары вырашылі паўтарыць фестываль, значна пашырыўшы яго размах — як пляцоўку, так і колькасць удзельнікаў. Тым больш, што ёсць добрая нагода — неўзабаве Каляды.
«Правёўшы восенню першы Дзень вышыванкі, які на мой погляд атрымаўся вельмі паспяховым, мы, тым не менш, атрымалі шмат негатыўных каментароў з той нагоды, што памяшканне было не вельмі
вялікае і не дазволіла ўсім ахвотным узяць паўнавартасны ўдзел у фестывалі. Скардзіліся на няўтульнасць. Але мы і самі не чакалі, што будзе такая колькасць людзей. Таму вырашылі, не адкладваючы,
правесці чарговы фестываль і прымеркаваць яго да калядных святаў — каб наведнікі маглі прыдбаць падарункі і проста цікава правесці час», — адзначыў Павал Белавус.
Падчас фэсту будзе працаваць кірмаш традыцыйных і сучасных вышыванак, адзення і сувеніраў ад папулярных моладзевых брэндаў, разнастайных вырабаў рамеснікаў і майстроў, а ў гэты час у
канферэнц-залі будуць праходзіць майстар-класы, конкурсы, прэзентацыі ды музычныя выступы беларускіх гуртоў. Хэдлайнерам музычнай праграмы будзе гурт «Палац».
«Усё на фестывалі будзе ахоплена каляднай тэматыкай: майстар-класы калядных спеваў, кірмаш падарункаў, музычныя выступы», — кажа Павал Белавус.
Магчымасць правесці Дзень вышыванкі ў пашыраным фармаце з'явілася дзякуючы Беларускаму саюзу мастакоў, які прадставіў для фестывалю Палац мастацтваў. Паводле старшыні саюзу Рыгора
Сітніцы, такім чынам мастакі сведчаць сваю адданасць нацыянальнаму мастацтву:
«Беларускі саюз мастакоў далучыўся да „Дня вышыванкі“, таму што мы разумеем важнасць пашырэння нашых нацыянальных каштоўнасцяў. Вышыванка — гэта адна з нашых
нацыянальных адметнасцяў і каштоўнасцяў. Да таго ж гэта прадмет мастацкай культуры. Таму мы і спрыяем гэтаму. Беларусь павінна станавіцца больш беларускай ва ўсіх праявах — і праз мову, і
праз вышыванку, і праз мастацтва», — сказаў Рыгор Сітніца.
Досвед першага «Дня вышыванкі» паказаў, што наведнікі прыходзілі на імпрэзу не толькі для таго, каб набыць рэчы ў нацыянальным стылі, але і каб «выгуляць у
людзі» вышымайкі і стужкі з арнаментам. Гучалі прапановы абраць «Міс Дня вышыванкі». Павал Белавус кажа, што гэтая прапанова ўлічаная, і арганізатары прапануюць самім
наведнікам фатаграфаваць адзін аднаго, рабіць сэлфі, пазначаючы іх адмысловым хэштэгам #dzv2014. А журы са складу арганізатараў абярэ Міс і Містэра «Дня вышыванкі».
«Людзі будуць самі фатаграфаваць. А мы пасля на гэтыя фотаздымкі паглядзім, прааналізуем колькасьць «лайкаў» і абярэм топ самых прыгожых людзей, апранутых у беларускія
нацыянальныя ці стылізаваныя пад іх строі. У выніку мы абярэм Містэра і Міс «Дня вышыванкі», — адзначыў Павал Белавус.
Але, улічваючы нацыянальную арыентаванасць фестывалю, тытулы «Міс вышыванка» і «Містэр вышыванка» могуць быць замененыя на беларускія, лічыць мовазнаўца
Вінцук Вячорка:
«У беларускай мове ёсць свая традыцыя звароту да мужчыны — гэта спадар, да жанчыны — спадарыня, і да незамужняй дзяўчыны — спадарычна. Не ведаю, праўда, ці
„Спадар вышыванка“ альбо „Містэр вышыванка“ будзе гучаць дарэчы. Тут трэба, каб арганізатары яшчэ памеркавалі».