У Нью-Ёрку адбылася прэзентацыя кнігі «Беларусь без межаў»
Прэзентацыя кнігі «Беларусь без межаў» старшыні «Беларуска-амерыканскага задзіночання» (БАЗА) Ганны Сурмач адбылася 11 жніўня ў Нью-Ёрку (ЗША).
Вітаўт Кіпель і Ганна Сурмач
Як паведамляе інфацэнтр
аб'яднання, мерапрыемства прайшло ў грамадскай зале прыходу Кірылы Тураўскага Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.
Выданне кнігі прымеркавана да 20-й гадавіны Першага з'езда беларусаў свету, які адбыўся ў ліпені 1993 года ў Мінску. «Беларусь без межаў» акрамя самой Сурмач прэзентаваў таксама дырэктар Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку доктар Вітаўт Кіпель.
Гэтая кніга грунтуецца на матэрыялах
перадачы «Беларускае замежжа», якія былі сабраныя Ганнай Сурмач падчас працы
на «Радыё Свабода» ў 2000-х гадах.
«Выданне — панарамнае адлюстраванне
беларускай прысутнасці ў свеце. Кніга ўключае шматлікія гутаркі з людзьмі, у якіх паказаны лёсы беларусаў амаль з усіх кантынентаў свету. Каштоўнасць выдання ў пашырэнні ведаў пра беларускую
эміграцыю, гісторыя якой налічвае ўжо не адно стагоддзе», — адзначылі ў інфацэнтры
БАЗА.
Падчас прэзентацыі Вітаўт Кіпель перадаў
царкве Кірылы Тураўскага скульптуру Ефрасінні Полацкай, якая доўгі час захоўвалася ў Беларускім інстытуце навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Вобраз праваслаўнай святой з'яўляецца сімвалам Першага
з'езда беларусаў свету.