У вёсцы Неглюбка пройдзе свята ткацтва «Кросенцы»
Унікальнае свята ткацтва «Кросенцы» пройдзе 28 жніўня ў Неглюбцы, што на Гомельшчыне. Улічваючы, што веткаўскія рушнікі і іх традыцыя ткацтва ў гэтым годзе сталі гісторыка-матэрыяльнай каштоўнасцю, завітаць на Веткаўшчыну дакладна варта.
Неглюбка — непаўторны куток Веткаўшчыны. Рушнікі, якія створаны мясцовымі ткачыхамі на драўляных кроснах, пабачылі ўвесь свет. На міжнародных выставах Нью-Йорка, Монрэаля, Токіа, Парыжа, Бруселя яны былі адзначаны залатымі медалямі, а амерыканскі Метраполітэн-музей прыдбаў іх для сваёй калекцыі.
У гэтым годзе неглюбскай народнай тэкстыльнай традыцыі аг. Неглюбка быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, а найлепшы ўзор майстэрства неглюбскіх ткачых рэкорднай даўжынёй у 30 метраў, як абярэг нашай краіны, быў падараваны кіраўніку краіны.
Народнае рамяство не забываецца новымі пакаленнямі і актыўна папулярызуецца. Доказам гэтаму з’яўляецца правядзенне штогадовага свята ткацтва «Кросенцы». Праграма свята насычаная і цікавая.
На свяце вас чакае:
Выстава неглюбскага ткацтва «Аповесці жыцця»; Канцэртная праграма творчых калектываў Веткаўскага раёна; Інтэрактыўная пляцоўка Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава «Аснова. Тэхналогія як магія»; Фотавыстава «Непаўторныя імгненні»; Майстар-класы па дэкаратыўна прыкладному мастацтву «Чароўная майстэрня»; Конкурс ткацтва сярод дзяўчынак; Тэматычная фотазона; Конкурс беларускіх нацыянальных страў «Беларуская кавярня»; Дзіцячая пляцоўка «Гульні з бабулінага куфэрка»; Майстар-клас па традыцыйных танцах.
Месца правядзення: пляцоўка каля сельскага цэнтра ткацтва аг. Неглюбка.Пачатак мерапрыемстваў: 14:00.
Паводле nashkraj.info