У пошуках нацыянальнай ідэнтычнасці: дыскусія пра творчасць Віктара Маркаўца
3 жніўня ў Літаратурным музеі Янкі Купалы а 17-й гадзіне адбудзецца прэзентацыя-абмеркаванне мастацкай выставы Віктара Маркаўца «Спакон вякоў. Мроі Купалля», прысвечанай 70-годдзю творцы.
Экспазіцыя невыпадкова размясцілася ў Купалаўскім музеі, бо тэма Купалля ў жывапісе і графіцы Маркаўца дзіўным чынам пераплятаецца з цэнтральнымі матывамі паэзіі Янкі Купалы. І не толькі гэта мусіць прывабіць нашых чытачоў наведаць дыскусію заўтра.
Віктар Маркавец (5.08.1947 – 17.09.2013) — прадстаўнік першай дынастыі жывапісцаў краіны, якія кшталтаваліся і атрымлівалі адукацыю на радзіме і ў традыцыях нацыянальнай формы. Віктар Маркавец скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1971) і вучыўся ў Івана Ахрэмчыка. Папярэднія генерацыі творцаў, хай сабе і выдатных, вучыліся ў расійскіх ці іншых замежных установах. Сам Маркавец правамерна заўважаў у сваіх дзённіках: “У сучасным беларускім мастацтве адчуваецца неасэнсаванасць нацыянальнай формы, размытасць уяўленняў аб ёй. У жывапісе нацыянальныя прынцыпы формы выяўляюцца вельмі слаба”. Хаця мастак і не адмаўляў відавочны зварот папярэднікаў да нацыянальнага зместу, духу. Але: “…Міхаіл Савіцкі адкрыта прапануе ў якасці формы ўсё, што ён суб’ектыўна лічыць найвышэйшымі дасягненнямі сусветнай мастацкай культуры. Так у нашым мастацтве з’явілася “мексіканская каларыстыка”…”
Маркавец вёў свае пошукі, звяртаючыся да скарбаў народнага мастацтва, і, уступіўшы ў Саюз мастакоў, увайшоў у склад камісіі па рабоце з народнымі майстрамі. Не звяртаючыся да разгляду твораў самога мастака, якія чытач пабачыць на выставе, закранем адно важнае пытанне.
Наколькі базай пошуку нацыянальнай мастацкай формы можа быць “нізавое”, вясковае мастацтва? Ці ёсць модная зараз “вышыванка” адэкватным адбіткам нацыянальнай традыцыі? І вось цікавая рэч. Днямі ў серыі публікацый “Радыё Свабода” — “Нечаканы Скарына” — іх аўтар Сяргей Абламейка закрануў гэты аспект пры разглядзе графічнага партрэта Скарыны. На ім, заўважыў Абламейка, шмат сімвалічных дэталяў. Сярод іх — рушнік з тыповым полацкім арнаментам, пакладзены на столік, гліняны збанок, два плеценыя корабы. Полацкія атрыбуты: Скарына дадаткова падкрэслівае сваю нацыянальную тоеснасць. Але ці вясковыя? Скарына ж быў палачанін, месціч. І відавочная выснова: шмат з таго, што сёння ўспрымаецца як “вясковае”, да інтэрнацыяналізацыі гарадскога побыту, моды на агульнаеўрапейскае, было “гарадскім”. І ў XVI стагоддзі пры Скарыне, і, пэўна, аж да пачатку ХХ стагоддзя. Як і тыя праявы “рамяства”, што цікавілі Маркаўца.
Таму дыскусія пра творчасць Віктара Маркаўца абяцае быць змястоўнай.
Запрашаем на яе нашых чытачоў і дадаткова нагадаем: Віктар Маркавец і яго жонка Таццяна Гаранская (арганізатар дыскусіі) з 2001 па 2012 кіравалі мінскай арткавярняй “Добрыя мыслі”. Правялі больш за 300 выстаў беларускіх творцаў — мастакоў, фатографаў. Пра іх неаднаразова пісаў “НЧ” — яны нашы даўнія сябры і знаёмцы.
Фота: работы Віктара Маркаўца з выставы“Спакон вякоў. Мроі Купалля”.