У Глыбоцкім раёне святара аштрафавалі за рамонт царквы
Настаяцелю храма Пераўтварэння Гасподняга вёскі Верхняе Глыбоцкага раёна выпісалі штраф за аднаўленне святыні на ахвяраванні вернікаў.
Дах царквы яшчэ год таму ледзь трымалася. Храм, якому 250 гадоў, пагражаў абрынуцца. Адзіную ў акрузе святыню не кінулі. Сродкі на рамонт сабралі, што называецца, усім светам, паведамляецца ў сюжэце тэлеканала СТБ.
Царкву ў выніку аднавілі. Толькі прыхаджан чакаў сюрпрыз. За рамонт настаяцелю выпісалі штраф. Маўляў, рэканструкцыя прайшла без праекту. Аднак на яго, тлумачыць святар, грошай не хапіла.
«Вядома, па літары закону закон быў парушаны. Па літары! А паводле духу закон быў не парушаны, а выкананы. Гэта значыць мэта закона — ахоўваць помнікі архітэктуры, у дадзеным выпадку наш храм», — кажа настаяцель царквы іярэй Пётр Дайлідзёнак.
У Мінкульце кажуць: рамонт сапраўды быў выкананы самавольна. Без узгаднення і праекта. Хоць і прызнаюць: сітуацыя неадназначная.
«У сувязі з тым, што карыстальнік не атрымаў дазволу на правядзенне работ, не ўзгадніў гэтыя працы, ён быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці», — сказала начальнік упраўлення Міністэрства культуры Аксана Сматрэнка.
З гэтай нагоды ў Доме ўраду ўчора, 27 лістапада, прайшоў круглы стол. Асноўная прапанова законатворцаў — пашырыць паўнамоцтвы мясцовай улады ў сферы аднаўлення аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны.