Свята майстроў драўлянай скульптуры адкрыецца 10 чэрвеня ў Мядзельскім раёне
XIV Абласное свята-конкурс майстроў драўлянай манументальнай скульптуры "Сонечнае цяпло дрэва" пройдзе з 10 па 19 чэрвеня ў курортным пасёлку Нарач Мядзельскага раёна.

Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці.
У гэтым годзе ў конкурсе прымаюць удзел майстры не толькі з Мінскай, але і Гомельскай вобласці. Адкрыецца свята выступленнем мясцовых творчых калектываў і выканаўцаў. На працягу дзевяці дзён усе
жадаючыя змогуць паглядзець, як з бярвёнаў нараджаюцца скульптурныя кампазіцыі. Майстры будуць працаваць па сваіх эскізах. Конкурсныя драўляныя скульптуры і пано застануцца ў пасёлку ў якасці
падарунка яго жыхарам. Акрамя таго, умовамі творчага спаборніцтва прадугледжаны выраб арыгінальных лавак, якія таксама ўпрыгожаць вуліцы Нарачы.
Абласное свята-конкурс майстроў драўлянай манументальнай скульптуры "Сонечнае цяпло дрэва" праводзіцца ў Мінскай вобласці штогод у форме пленэру. Спачатку яно праводзілася ў
Смалявіцкім раёне, потым стала падарожнічаць па ўсім рэгіёне (у яго геаграфію ўключаны Крупскі, Валожынскі, Старадарожскі, Вілейскі, Барысаўскі, Маладзечанскі раёны).