Сёння праваслаўныя адзначаюць Тройцу. Як гэтае свята злучае вясну і лета

Сёння праваслаўныя святкуюць Тройцу. Чаму ў гэты дзень упрыгожваюць хаты зелянінай? Што яна сімвалізуе? Якія яшчэ адметнасці мае свята?

2016_06_19_navinki_02_a._leszkievicz_img_4065_logo.jpg


Па біблійным паданні, на пяцідзясяты дзень пасля ўваскрасення Хрыстова адбылося сашэсце духа святога на апосталаў. У гэтай дзеі ўдзельнічалі тры іпастасі Бога. Адсюль усе назвы свята: Троіца, Тройца, у заходнепалескіх дыялектах — Трійца, Трыйца, Трэйца. Царкоўная назва — Пяцідзясятніца. Таксама Духаў дзень, ці проста Духа (католікі святкуюць асобна ад Тройцы на пяцідзясяты дзень па Вялікадні, а Тройцу — яшчэ праз адзін тыдзень). У народных гаворках сустракаюцца шматлікія назвы, утвораныя ад лічбы сем (бо ад Вялікадня да Тройцы ў праваслаўных і да Духава дня ў католікаў — сем тыдняў): Сёмуха, Сёдмуха, Сёмка, Сёмік, Сямік. Вялікую ролю ў абраднасці Тройцы грае зеляніна, адсюль назвы свята Зелянец, Зялёныя святкі ці свёнткі. У сучасным календары Тройца можа прыпадаць на час з 23 траўня да 26 чэрвеня.


Траецкая зеляніна, якую часам завуць «май», — галінкі розных дзікарослых дрэў, найчасцей клёну, бярозы, ліпы, якімі ўпрыгожвалі хату і падворак, а таксама аер і рагоз, якія кідалі на падлогу, маглі раскідаць таксама ў двары. Зелянінай пад уплывам народнай традыцыі ўпрыгожвалі таксама цэрквы і касцёлы. Май маглі мацаваць да прыдарожных і надмагільных крыжоў. На Віцебшчыне кажуць: «Не прыйшло свята ў лес, а лес прыйшоў на свята». Лічыцца, што ў траецкай зеляніне ўвасабляўся культ расліннасці і адначасова культ продкаў, бо, паводле традыцыйнага светаўспрымання, менавіта памерлыя з «таго» свету спрыялі жывым, у тым ліку і добрым ураджаем.


Перад Тройцай амаль паўсюдна спраўлялі Дзяды, якія вылучаліся з іншых памінанняў продкаў на працягу года. Згадвалі ў першую чаргу пра тых, хто памёр не сваёй смерцю: тапельцаў, самагубцаў. У паўночнай Беларусі напярэдадні свята адзначалі Стаўроўскія Дзяды, якія звязаныя з беларускім этнагенетычным міфам. Нібыта сабакі Стаўры і Гаўры належалі першанасельніку нашага краю князю Баю, які загадаў свайму народу шанаваць іх пасля смерці. Але сам князь памёр раней за жывёл, перадаўшы іх у спадчыну сыну Белаполю з запаветам пусціць сабак на волю. Маўляў, колькі яны аббягуць за дзень, у тых межах будуць валадаранні сына. Сабакі разбегліся, а па іх слядах пацяклі Дзвіна і Дняпро. У гэтых абшарах і жывуць беларусы.

Наведваючы на Тройцу могілкі, акрамя зеляніны туды могуць несці адмыслова пафарбаваныя бярозавымі лісткамі яйкі, бярозавымі венікамі месці магілы ці хлястаць іх, «парыць» (Смаленшчына). Як бачым, памінальная траецкая абраднасць шчыльна звязаная з культам раслін.

Крыніца: Алена Ляшкевіч [ youtube ]

Тройца — «злучальнае» свята між вясновым і летнім каляндарнымі цыкламі. У зеляніну «апранаюць» міфалагічны персанаж, які «выправоджваюць» за межы «сваёй» прасторы. Гэта можа быць Куст (часцей на другі дзень Тройцы, у панядзелак, ёсць версіі, што даўней — у выпадках, калі неабходна выклікаць дождж) ці Русалка (праз тыдзень пасля Тройцы, нядзеля ці панядзелак). Паводле даследчыкаў, такія персанажы сімвалізуюць дахрысціянскае сезоннае боства, што «нараджаецца» ў адведзены яму час і «памірае», калі яго час мінае. Ваджэнне Куста захоўваецца ў жывым бытаванні на Цэнтральным Палессі і ў вёсцы Меркулавічы Чачэрскага раёна, провады Русалкі — у паўднёва-ўсходніх раёнах Гомельскай вобласці.


Часам галоўны персанаж абрадавага дзеяння «апраналі» ў зеляніну цалкам, але бывала дастаткова і толькі вянка з галінак дрэў ці з зёлак. Такія вянкі маглі насіць і простыя ўдзельніцы свята, часцей незамужнія дзяўчаты. Вянкі пакідалі на калодзежах (Палессе), свяцілі ў царкве, уплёўшы туды лекавыя травы, надзявалі на рогі каровам (Панямонне і Падзвінне). У Гродзенскай вобласці пра вянкі каровам казалі «ўквечваць», «заквечваць», а на Смаленшчыне — «вянчаць». Каровін вянок тры дні трымалі на покуці, а потым захоўвалі ў хляве, выкарыстоўваючы ў выпадку хвароб жывёлы, а часам і людзей. Траецкая зеляніна, што ўпрыгожвала хату, магла вісець да Купалля, па ёй варажылі на ўраджай і будучы лёс, а потым спальвалі ці захоўвалі як лекавы сродак. Асвечаныя на Тройцу вянкі з зёлак выкарыстоўвалі ў народнай медыцыне.

Кумленне дзяўчат на Тройцу. Меркулавічы, Чачэрскі раён. 2016 г. Фота Алены Ляшкевіч.

Кумленне дзяўчат на Тройцу. Меркулавічы, Чачэрскі раён. 2016 г. Фота Алены Ляшкевіч.

 Тройца лічылася спрыяльным часам для вяселляў, бо неўзабаве наставаў Пятроўскі пост, калі жаніцьба забаранялася царквой. На Сёмуху адбываліся моладзевыя гулянні на вольным паветры, у вёсцы, у полі ці ў лесе, якія дзе-нідзе зваліся «маёўкі». Дзяўчаты «завівалі» (звязвалі) галінкі бяроз, варажылі на завітым (загадвалі на жаніха і глядзелі, ці разаўецца, ці высахне). «Завітыя» бярозкі, што раслі побач, утваралі арку, праз якую дзяўчаты праходзілі за рукі, мяняліся вянкамі і такім чынам «куміліся» — дамаўляліся сябраваць і быць адна ў адной дружкамі на вяселлі. Дзяўчаты вадзілі карагоды з песнямі. Сямейныя людзі на Тройцу ездзілі ў госці. Такія гасцяванні зваліся «кірмашы», «фэсты», «піва». Усе гулянні завяршаліся супольным застоллем, на якое абавязкова пяклі яечню.

Перанос свячы на Тройцу. Навінкі, Калінкавіцкі раён. 2016 г. Фота Алены Ляшкевіч.

Перанос свячы на Тройцу. Навінкі, Калінкавіцкі раён. 2016 г. Фота Алены Ляшкевіч.

Да Тройцы маглі прымяркоўвацца таксама наведванне прошчаў, хросныя хады, перанос свячы — комплекса рытуальных прадметаў са свечкі і абраза, якія штогод пераходзілі ў новую хату.

Арыгінальная версія артыкула апублікавана ў "Новым Часе" 16 чэрвеня 2019 года