Ромавая баба: Прыдумалі ў Рэчы Паспалітай, захапляліся ў Еўропе, а вярнулася яна знявечаная камуністамі
Вы безумоўна слушна прачыталі загаловак. Вядомая ўсім беларусам салодкая ромавая баба з бліжэйшай крамы — не што іншае, як падробка. Гэты прысмак сваёй гісторыяй нібы паўтарыў лёс дзяржавы і яе жыхароў, у якой быў прыдуманы. Дзівосны лёс ромавай бабы наперадзе!
Варта адразу згадаць жарты, якія можна сустрэць у менскай цэнтральнай краме, кшталту «А ромавы дзед у вас прадаецца?»
Як усё пачыналася?
Ромавая баба была створаная пры вялікім князе Вялікага Княства Літоўскага Станіславе Ляшчынскім. Менавіта ён стаў непасрэднай прычынай зьяўленьня бабы. Адбылося гэта ў дастаткова кароткі час княжаньня Ляшчынскага ў самым пачатку XVIII ст.
Кухары кожны дзень "ламалі галаву", прыдумляючы новыя вытанчаныя дэсэрты.
У гэты час найбольш папулярным зьяўляўся салодкі пірог пад назовам «Кюгельдорф», які традыцыйна рыхтавалі з вычышчанай пшанічнай мукі, масла, цукру, яйкаў і разынак. Кухары замешвалі цеста на аснове дражджавой закваскі, якая надавала цесту лёгкасьць.
І вось аднаго дня кухары ў чарговы раз паднеслі кіраўніку Вялікага Княства Літоўскага Кюгельдорф, чым моцна раззлавалі Станіслава Ляшчынскага. Ён не любіў гэты від дэсэрту, бо лічыў пірог пазбаўленым індывідуальнасьці і вельмі сухім.
У тыя часы (як у прынцыпе і ў нашыя) неад'емным атрыбутам любога застольля было віно. Але ў той год зіма выдалася вельмі халоднай, таму на стале вялікага князя прысутнічаў моцны ром, які атрымлівалі з цукровага трысьнягу.
Дык вось па легендзе (а мы шануем легенды Вялікага Княства), аднойчы Станіслаў Ляшчынскі адштурхнуў нялюбы яму пірог. Бутэлька з ромам выпадкова разьлілася на талерку з дэсэртам. Паветраны пірог жоўтага колеру стаў імгненна бурштынавым, крыху абмяк і выглядаў сакавітым і вільготным.
Мякіна пірага ўвабрала ўсе водары і фарбы рому, праз што дэсэрт зьмяніўся на вачох у князя.
Калі вы прыхільнік сухіх фактаў (але не сухіх булак), ёсьць крыху іншая вэрсія, як Станіслаў Ляшчынскі атрымаў новы дэсэрт.
Па гэтай вэрсіі Ляшчынскі ўсё ж любіў пірог Кюгельдорф, але аднойчы ён моцна падсох і стаў чэрствым, аднак Станіслаў вельмі жадаў яго пакаштаваць. Кемлівы кандытар вялікага князя Сторэр прыдумаў пірог прапітаць мадэрай, у якую дадаў шафран.
Так ці інакш, але ў 1709 годзе Станіслаў Ляшчынскі згубіў трон і вымушаны быў падацца ў эміграцыю.
У 1725 годзе дачка Станіслава Ляшчынскага прынцэса Марыя выйшла замуж за караля Францыі Людовіка XV. Праз некаторы час да яе ў Францыю пераехаў бацька. З сабою ён прывёз асабістага кандытара, а разам зь ім і рэцэпт бабы. Кандытар вялікага князя замест мадэйры прапанаваў дадаваць ром і прыдумаў іншую форму для дэсэрту, якая нагадвае невялікі грыб.
Чаму баба? Як
кажуць дасьледчыкі гастраноміі, новы салодкі выраб нагадваў стваральнікам
чароўныя і салодкія выявы з казачных тэкстаў пра ўсходняга Алі-Бабу. Таму і
прыжылося гэтае слова, з націскам на апошні склад, а не на першы, як звыклі ў
нас.
Альтэрнатыўны падыход: слова такі паходзіць ад жанчыны. Бабай, бабкай называлі ў нас выпечку, яйкападобны выгляд якой нагадваў абцяжараную гадамі старую кабету і яе вопратку, накінутую ў некалькі слаёў.
Заваёва Эўропы
Францыя
Сапраўдную ж папулярнасьць і нават новае імя ромавая баба набыла ў Францыі дзякуючы Жану Антэльму Брыя-Саварэну (1755–1826). Гэты гурман прапанаваў удасканаліць рэцэпт. Формай яго страва па-ранейшаму нагадвае ці то карону, ці то ўсходні цюрбан, але зьверху яно пакрываецца абрыкосавым канфітурам.
Усярэдзіну дадаваліся садавіна і ўзьбітыя вяршкі. А сама страва пачала называцца «Baba Au Savarin» у гонар знакамітага гурмана.
Сіцылія
За наступны крок па заваёве Эўропы ромавая баба абавязаная чарговаму дынастычнаму шлюбу. У 1768 годзе Марыя-Караліна, сястра французскай каралевы Марыі-Антуанэты, выйшла замуж за караля абедзьвюх Сіцылій Фэрдынанда IV Бурбона.
У сталіцу каралеўства Нэапаль яна запрасіла францускіх кухараў, каб надаць мясцовай кухні належны густ і вытанчанасьць. У Нэапалі ромавая баба хутка стала адной з самых улюбёных страваў і сёньня ў некаторым сэнсе гэта кулінарны сымбаль горада. Ды і ўласна на Сіцыліі, другой часткі легендарнага каралеўства са сталіцай у Палерма, ромавая баба захапіла кавярні.
Па форме нэапалітанская ромавая баба нагадвае кекс грыбападобнай формы. Яна можа быць і вялікай, і зусім маленькай.
Вяртаньне на Радзіму
Кулінарныя здабыткі заваёўвалі людзей і краіны, і ў ХІХ ст. нэапалітанскія ромавыя бабы зьявіліся зноў у нас. Праўда, Вялікае Княства Літоўскае было акупаванае Расеяй. Рэцэпты бабы сустракаюцца ў шматлікіх месцах імпэрыі.
Але надышоў час камуністычнага захопу ўлады. Што добрага маглі прынесьці чырвоныя барбары? Не пашанцавала вядома і ромавай бабе.
Першапачаткова камуністы скептычна паставіліся да дэсэрту, але неўзабаве рэцэпт эканомічнага і смачнага пірожнага стаў вельмі папулярным. Напачатку ромавыя бабы пяклі дарэвалюцыйныя кандытары на ангельскім і амэрыканскім абсталяваньні.
У пачатку 1930-х гадоў сталі адчыняцца першыя хлебазаводы. У сярэдзіне 30-х на іх не засталося замежных тэхнолягаў, інжынэраў і пекараў, а рэцэпты былі цалкам перапрацаваныя, бо добрае буржуазнае абсталяваньне ўжо немагчыма было выкарыстоўваць.
Такім чынам зьявілася савецкая ромавая баба з белай памадкай і салодкай прапіткай, дзе рому месца ўжо не было. Кексы выпускаліся порцыямі па 100 грамаў. Існаваў ГОСТ на ромавую бабу.
Савецкае шампанскае, такая самая ромавая баба, ці сёньняшняя каўбаса «Мартадэла» – танныя спробы наблізіцца да Эўропы.
Ужывайце добрае!