Падлеткавы бунт даўжынёю ў 26 гадоў
Спалучаць панк-рок і тэхна, заклікаць да рэвалюцыйнага дзеяння на першамайскіх мітынгах, змагацца за свабоду інтэрнэту і радыкалізаваць сцэну — усё можна рабіць і ва ўзросце за сорак. Калі, канешне, ты музыкант-электроншчык з Германіі.
Як часта ад людзей старэйшага веку можна пачуць пра тое, што бунт — справа, уласцівая выключна моладзі. «Перабунтуюць — і супакояцца», «усе падлеткі аднолькавыя», «юнацкі максімалізм». А гэты паблажлівы тон, якім кажуць збітае выслоўе: «Хто ў юнацтве не быў радыкалам — у таго няма сэрца, а хто застаўся ім у сталым узросце — у таго няма мазгоў»!
Прыклад нямецкага дыджытал-гурта «Atatri Teenage Riot» (АTR) — яскравае сведчанне таго, як падлеткавы бунт, узняты на сцяг, можа стаць трывалай палітычнай пазіцыяй і формай грамадскага актывізму.
Гурт «Atari Тeenage Riot» з’явіўся ў Берліне ў 1992 годзе ў час пад’ёму неанацысцкага руху: рэгулярныя і масавыя напады на мігрантаў і ўцекачоў у ФРГ тады нярэдка прыводзілі да чалавечых ахвяраў. Недарма адзін з іх першы трэкаў называўся «Hetzjagd auf Nazis!» (Паляванне на нацыстаў!). Музычныя крамы, што спецыялізаваліся на тэхна, радыкалізм не ацанілі і абвясцілі байкот гэтаму запісу.
Свой шлях у вядомасць гурт пачаў з вымушанага супрацоўніцтва з буйной брытанскай фірмай «Phonogram» («Фанаграм»). Аднак пасля выпуску двух сінглаў і атрымання грошы на запіс паўнавартаснага альбому гурт развітаўся з лэйблам — не жадаў граць па правілах буйнога бізнесу.
У 1994-м АTR стварыў уласны лэйбл «Digital Hardcore Recordings» («Дыджытал Хардкор рэкардынгс»), які стаў, фактычна, родапачынальнікам новага жанру — дыджытал хардкор: сумесі тэхна, панкаўскага вакалу і індастрыялу.
«У нашай музыцы мы ўбачылі выхад той лютасці, якой мы былі напоўненыя ад скрайняй скрухі, што прапанавала нам музычная індустрыя», — кажа сузаснавальнік гурта, 46-гадовы Алек Эмапаэр.
Заснаваны ATR лэйбл робіцца прытулкам для андэграўндных і не вельмі выканаўцаў электроннай музыкі з усёй Еўропы: Lolita Storm, EC8TOR, Motormark і іншых.
Дзевяностыя былі зорным часам для гурта — на гэты перыяд (які, па сумяшчальніцтве, быў перыядам пад’ёму антыглабалісцкага і сквотэрскага руху ў Еўропе) прыпадаюць самыя папулярныя трэкі: «Speed» (1995), «Start the riot!» (1995), «Revolution action» (1999). Тэматыка іх усё тая ж: барацьба з капіталістычнай сістэмай, антыфашызм, альтэрнатыўнае жыццё і нянавісць да парадкаў задаволенага буржуазнага грамадства. У дзевяностыя не было ютубу, але на сёння гэтыя запісы маюць да паўмільёна праглядаў на папулярным сэрвісе.
На першамайскай дэманстрацыі ў Берліне ў 1999 годзе гурт выступаў з грузавіка ў шматтысячным натоўпе антыфашыстаў, анархістаў і левакоў. Падчас песні «Revolution action» пачаўся сапраўдны рэвалюцыйны экшн: сутычкі са спецназам, спробы перавярнуць паліцэйскія фургоны... Пасля выступу музыкі былі затрыманыя.
Тады ж, у 1999-м, гурт упершыню выступіў на буйным штогадовым музычным фестывалі «Dour Festival» у бельгійскім горадзе Дур.
Падняўшыся на вяршыні вядомасці — нягледзячы (а можа і дзякуючы) на радыкальны імідж і «экстрэмісцкія» тэксты, ATR ужо пачалі працаваць над чацвёртым альбомам, як у верасні 2001-га іх cпасцігла каласальная страта: ва ўзросце 30 гадоў ад перадазіроўкі медыкаментаў памёр удзельнік гурта Карл Бохм, які доўга пакутаваў ад псіхічных праблем. Гурт фактычна спыніў сваю актыўнасць, а яго ўдзельнікі пачалі займацца сольнымі праектамі.
Аднак прайшло 9 гадоў — і «падлеткавы бунт» збіраецца зноў! І ўжо ў зусім не ў падлеткавым узросце. У 2010-м яны запісалі новы трэк і сталі хэдлайнерамі цэлага шэрагу фестываляў электроннай музыкі, сярод якіх — і чарговы фестываль у Дуры з дзясяткамі тысяч гледачоў:
У 2012 годзе песня і відэа «The Black Flags» былі намінаваныя на прэмію МTV як лепшая пратэстная песня года.
«Atari Teenage Riot» — з тых гуртоў, якім беларускія чыноўнікі ніколі не выдадуць гастрольнае пасведчанне. Аднак паслухаць іх ужывую беларусы маюць магчымасць: на згаданым вышэй музычным «Dour Festival», які адбудзецца 11–15 ліпеня. Для ATR гэта будзе ўжо пяты выступ на ім. Гурт выступіць на сцэне La Caverne ў пятніцу, 13-га ліпеня.
Фестываль у Дуры, пра які ідзе гаворка, адбываецца ўжо 29 гадоў, і, акрамя электроннай музыкі, збірае выканаўцаў панк-рока, рэгі, хардкора, металу і мноства іншых жанраў — агулам на шасці сцэнах. У сярэднім на яго збіраецца 150 тысяч чалавек штогод.
І пакуль свабода самавыяўлення на ўзроўні бельгійскай беларускім музыкам толькі сніцца, 75 еўра за білет на Dour Festival і шэнгенская віза, каб трапіць у Бельгію, — абавязковая плата для таго, каб далучыцца да музыкі без цэнзуры і «пабунтаваць» разам з 46-гадовымі заснавальнікамі жанру дыджытал хардкор.