Новы фармат у новым месцы: “Прывіды тэатра” ажылі ў “Верандзе”
У Гродна ў кавярні “Веранда” на беразе Нёмана адкрылася фотавыстава — вынік сумеснай працы фатографа Сяргея Марозава, дызайнеркі Бажэны Машнінай і стылісткі Антаніны Калагрыў.
Калі я ішла на вернісаж, то думала, што ў горадзе больш-менш часта адбываюцца прэзентацыі ды выставы, таму наўрад ці гэтая будзе нечым ад адрознівацца. Хіба толькі месцам правядзення. Хоць кафэ “Веранда” і стала за кароткі час папулярным, але знаходзіцца яно далекавата ад цэнтра і выбар месца для фотавыставы спачатку здзівіў. Як потым аказалася, гэтае кафе ў напрамку правядзення падобных мерапрыемстваў мае вялікія перспектывы.
Стыльнае памяшканне проста ідэальна падыходзіць для розных івэнтаў.+
Першае такое мерапрыемства – фотавыстава “Прывіды тэатра” — сабрала вельмі шмат людзей.+
— Ідэя прыйшла нечакана — калі я рабіла адной са сваіх кліентак фрызуру. Дзяўчына прыгожая, але прыгажосць яе незвычайная і нестандартная. Я падумала, што было б вельмі цікава сфатаграфаваць яе ў нейкім незвычайным вобразе. Падумала і прапанавала Сяргею. Мы хутка зрабілі фотасесію. Атрымалася так добра, душэўна і цёпла, што мы вырашылі сабрацца яшчэ раз. Усяго над праектам мы працавалі паўгода. Яго вынікі вы можаце ўбачыць на сценах кавярні, — адкрываючы выставу распавяла Бажэна Машніна.
Усяго на суд гледачоў прадставілі трохі больш за 20 работ. Гэта фантазійныя працы — цікавыя макіяж і строі. Усё зроблена ў адным стылі.+
Здаецца, што гэтыя фотаздымкі з нейкіх тэатральных пастановак, якія ўжо даўно не ідуць у тэатры. Быццам гэтыя карціны знайшлі недзе на гары, садзьмулі пыл і вырашылі паказаць гарадзенцам. Але насамрэч гэта вынік руплівай і доўгай працы.+
Само ж адкрыццё выставы было, калі так можна сказаць, на еўрапейскім узроўні.+
— Больш бы такіх мерапрыемстваў, — казалі прысутныя. Сапраўды, можа менавіта такі фармат івэнтаў — няспешных, з добрай музыкай і добрай ідэяй — зможа ажывіць культурнае жыццё горада.
Арганізатары пастараліся, каб прысутным было цікава. За музыку адказваў DJ Модно, за каверы — Дар’я Шульгіна, а вяла мерапрыемства радыёвядучая — Улляна Шыбко. Акрамя ўласна фотавыставы, прысутным было прадстаўлена фаершоў, а таксама Body Art Performance, дзе кожны з прысутных мог размаляваць целы танцуючых дзяўчын. А вось некаторыя з фотаздымкаў можна было набыць на аукцыёне, грошы з якога пайшлі на патрэбы Гарадзенскага дзіцячага хоспіса.+
Былі на адкрыцці і мадэлі, якія прымалі ўдзел у праекце. Пры тым, былі яны тут у тых самых вобразах. Прысутныя з задавальненнем фатаграфаваліся з жывымі тэатральнымі прывідамі, якія нібы сышлі з фотаздымкаў.+
Фота Вольгі Мілавай