Новыя паступленні і “Экашык”

Невялікая калекцыя новых паступленняў у фонды Нацыянальнага мастацкага музея паказваецца з 29 студзеня па 1 сакавіка.



eecca5b6365d9607ee5a9d336962c534.jpg

Невялікая калекцыя новых паступленняў у фонды Нацыянальнага мастацкага музея паказваецца з 29 студзеня па 1 сакавіка.
Дэманструюцца прадметы, якія паступілі за апошнія 3 гады: арнат каталіцкага святара з фрагментам слуцкага пояса, асабістыя рэчы У. Уладамірскага, карта Вялікага княства Літоўскага XVII стагоддзя, выкананая па матывах знакамітай карты Макоўскага, талерка з каранацыйнага сервізу з гербам Рэчы Паспалітай пачатку ХVIII стагоддзя, прадметы ткацтва (в. Неглюбка) канца ХIХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Цікавая калекцыя рэчаў сям’і прадстаўніка клерыкальна-манархічнага накірунку ў расійскай гістарычнай навуцы, аднаго з заснавальнікаў Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага камітэта і Мінскага царкоўна-археалагічнага музея (1908) А. К. Сніткі.
Нарэшце, з вялікай пагалоскай і ў прысутнасці незвычайнай колькасці наведвальнікаў, 4 лютага ў музеі быў прэзентаваны чарговы шведскі праект “Экашык. Адкрываў яго ўлюбёнец мінскіх інтэлектуалаў і выдатны знаўца беларускай мовы і культуры Надзвычайны і паўнамоцны пасол Швецыі Стэфан Эрыксан. Падрыхтаваная Шведскім інстытутам выстава “Экашык: На шляху да экалагічнай шведскай моды прэзентуе творы шведскіх мадэльераў, якія дэманструюць экалагічны і этычны падыход да сваёй працы: або іх спалучэнне, не ахвяруючы пры гэтым ні гранам моды. У рамках падзеі, у супрацоўніцтве з факультэтам дызайну Інстытута сучасных ведаў, плануецца майстар-клас шведскай мастачкі Карын Стэрнер па стварэнню экалагічнай вопраткі. Лепшыя экземпляры вопраткі, падрыхтаваныя беларускімі студэнтамі факультэта дызайну падчас майстар-класа, будуць дадавацца ў экспазіцыю.

Падрыхтаваў
Аляксей Хадыка