На мінскай прэм'еры «Левіяфана» аншлаг і ажыятаж

5 лютага ў мінскіх кінатэатрах пачаліся паказы нашумелага расійскага фільма. У прэм'ерны дзень касіры распавялі пра тое, як раскупляюцца білеты.



leviathan.jpg

Карціну, што прэтэндуе на «Оскар», будуць паказваць у кінатэатрах «Цэнтральны», «Беларусь», «Сільвер скрын» і Доме кіно.
— На сёння ўсе квіткі прададзеныя. Актыўна купляюць на заўтрашнія сеансы, а ў выходныя дні залы гарантавана будуць поўнымі, — распавялі ў кінатэатры «Цэнтральны».
Суразмоўца выказала здагадку, што ажыятаж вакол фільма ў іх, хутчэй за ўсё, захаваецца да канца пракату.
— Улічваючы тое, што фільм у нас будзе дэманстравацца да 11 лютага, думаю, зала будзе заўсёды поўная.
У кінатэатры «Беларусь» распавялі, што і ў іх сёння прададзеныя практычна ўсе білеты — як на прэм'ерны паказ, які пачаўся ў 15:50, так і на два вячэрнія сеансы.
— Шмат тэлефануюць і пытаюцца білеты менавіта на «Левіяфан». На заўтра ўжо большасць білетаў прададзеная. У суботу-нядзелю будуць поўныя залы. Так заўсёды бывае, калі выходзіць фільм, які ўсё чакаюць, — распавялі ў «Беларусі».
Касір адзначыла, што, магчыма, пасля выхадных, ажыятаж крыху спадзе (адаб'юцца буднія дні), але ў цэлым цікавасць да фільма, хутчэй за ўсё, захаваецца да канца пракату.
Даведацца пра сітуацыю ў Доме кіно не ўдалося. Там папрасілі патэлефанаваць у касу пазней, бо ля яе сабралася вялікая чарга.


gazetaby.com