Мастак Максім Осіпаў: Чаму ўзнікла тэма, што нацыяналізм — гэта штосьці страшнае?

Мастак Максім Осіпаў — пра складнікі культуры і нацыяналізм.

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак

— Трэба разабрацца, што такое складнік нацыі і перадусім нацыянальнай культуры. Тут у мяне ёсць штосьці накшталт метафары, — цытуе Максіма Осіпава «Салідарнасць» са спасылкай на эфір «Еўрарадыё». — Мяне асабіста трыгерыць, калі я чую, што трэба захоўваць культуру, прымнажаць яе, што людзі разумеюць пад культурай пэўны зрэз відаў мастацкай дзейнасці: музыку, выяўленчае мастацтва, літаратуру.

Калі браць метафару, то гэта торт, які ўпрыгожылі адпаведнымі ружачкамі. З чаго складаецца торт — не важна. Тут такі момант, што ружы можна зрэзаць і паставіць хрызантэмы.

Атрымліваецца, што роля мастацтва нейкая дэкаратыўная, нават прэзентацыйная. Для мяне гэты змест небяспечны тым, што мастацтва не бярэ на сябе амбіцыю ўплываць на аснову, на якой яно жыве — яно быццам у нейкай бурбалцы існуе, хочаш — глядзі, хочаш — не.

Таму мне больш блізкая метафара, што культура — гэта клумба. Ёсць зямля з адпаведнымі складнікамі, з яе растуць кветкі. Кветкі — гэта мастацтва. Яны не будуць расці, калі зямля не таго саставу. Каб яны раслі, трэба ўвесь час штосьці рабіць з зямлёй.

Культура — гэта больш складаная штука. Мастацтва — сукупнасць таго, што нас акружае. Там ёсць складнік палітычнай культуры, культуры зносін, адносін да прыроды, сям’і, дзяцей, сусвету, саміх сабе. То-бок гэта вельмі шмат складнікаў, якія ўплываюць адзін на аднаго, і ўсе разам яны ствараюць культуру.


Глядзіце таксама

Таксама мастак паразважаў наконт тэрміну нацыяналізм.

— Чаму ўзнікла тэма, што нацыяналізм — гэта штосьці страшнае? Карані гэтага тэрміну, рогі яго выраслі ў постімперскіх альбо імперскіх краінах. То-бок Германіі і Расійскай імперыі.

У апошняй нацыяналізм сапраўды — шкода. Бо калі твая краіна саткана з процьмы маленькіх народаў, а ты такая велізарная гаргара і ў любы момант можаш пасыпацца, нацыяналізм — гэта сігнал, што ад цябе зараз штосьці адваліцца. Таму нацыяналізму адразу дамалёўваюць рогі і ставяць знак роўнасці паміж ім і нацызмам.

То-бок нікога не бянтэжыць, што ёсць нацыянальная бібліятэка, нацыянальны музей культуры, нацыянальны мастацкі музей і г. д., — заключае Осіпаў.