Клуб самотных разумнікаў. Чаму не працуе праект Святланы Алексіевіч

Калі штосьці адбываецца ўпершыню, заўсёды ёсць спакуса дараваць ды прабачаць. Дэбютанта трохі шкада, бо той звычайна не надта разумее, што і як трэба рабіць. Рушыць навобмацак, прамаўляе заціснута. Чуе не аўдыторыю, а сваё хваляванне. Нічога, навучыцца – але толькі тады, калі мае ўцямны вектар руху. Тры паседжанні інтэлектуальнага клубу Святланы Алекісевіч – дастатковы рэсурс для папярэдніх высноваў. Для жорсткай размовы пра прывіды сэнсаў ды траўмы інтэлекту.

aleksievich_1.jpg

Каб праект адбыўся, ён перадусім мусіць… быць праектам. Не цьмяным жаданнем «пагаварыць», а дакладнай праграмай дзеянняў з выразна прапісанай мэтай і сістэмай крокаў па яе дасягненні. Не зорнай гасцёўняй паводле прыватных прыхільнасцяў, а лабараторыяй супольнага мыслення. І дакладна не ланцужком асабістых прэзентацыяў на фоне паважанай набелісткі – серыяй сэлфі айчыннай пыхлівасці. Галоўная праблема з інтэлектуальным клубам менавіта ў гэтым: ён не ведае, як быць інтэлектуальным клубам.
Замест канцэпцыі – знаёмае трымценне пра тое, што «ў нас нічога няма», «краіна ёсць, а вось дзяржава – не», «мы жывем у небяспечныя часы», «не ведаем, хто мы і адкуль», «не гатовыя да шчырай і самастойнай думкі»… Замест сістэмы супольнага пошуку – аўтарытарная асіметрыя: прамовы дакладчыкаў перад маўклівай публікай.
Канфлікты тут паўстаюць не праз рознае бачанне тэмы прамоўцамі, а праз іх прынцыповую несумяшчальнасць. Апошнім разам фантастычна цікавая літоўская літаратарка Рута Ванагайце атрымала ў спарынг-партнёры гаваркога айчыннага гісторыка. Асабістасць і еўра-публіцыстычнасць перастрэліся з птушынай мовай постсавецкага навукоўца Аляксея Літвіна. Вострая тэма побытавага генацыду, асабістых разлікаў з Радзімай і «нашасцю» захлынулася ў плыні непатрэбнай фактуры, бясконцых адхіленняў ды спасылак. Наш эксперт адчайна саліраваў і ірваўся адказваць на ўсе пытанні – нават на тыя, што былі адрасаваныя не яму.
Сітуацыю мог выправіць нармальны мадэратар – але тут ён адсутнічаў як клас. Што да самой гаспадыні клубу, яна абрала далікатнае маўчанне і кіраваць працэсам не спяшалася. Разумнікі ў зале пераглядаліся і ціха ўсміхаліся. Самыя нястойкія сыходзілі пакурыць на ганак.
Дыскусіі не выйшла, бо не было рэжысуры дыскусіі: кожны агучваў сваё і маўчаў аб сваім, згадваў трагічнае і дзячыў за мужнасць, пераказваў улюбёнае кіно і чужыя архівы, думкі віравалі, як мятлушкі і біліся аб шкло вокнаў гасціннай літоўскай амбасады, мікрафоны працавалі як хацелі. Грамада пазяхала, глядзела на гадзіннікі і паціху сыходзіла.
Да канца сустрэчы дацярпела ледзь траціна прысутных. Гэта, дарэчы, не сведчыць пра абыякавасць да тэмы размовы. Аднак наўпрост пазначае відавочную бездапаможнасць стваральнікаў інтэлектуальнай прасторы імя першай беларускай набелісткі. Даражэнькія, хіба вы не ведалі, што падзею трэба адбудоўваць, накіроўваць ды рэжысаваць?
На ўсіх узроўнях – фармулёўка падставовага мэсіджу, кастынг спікераў, запрашэнне аўдыторыі, пазначэнне базавых аспектаў тэмы, мадэрацыя працэсу, праца з мікрафонам у зале, прадмова і паслямова – не адбылося анічога, што стварыла б сапраўдную інтэлектуальную напругу і сітуацыю супольнага пошуку істотнага. Дакладчыкі прафесійна (кожны ў сваім рэгістры) агучылі падрыхтаваныя напрацоўкі. Прысутныя ў адказ падзяліліся асабістым і паспрабавалі паразважаць. Але абраны фармат «сустрэчы з зоркамі» абсалютна несумяшчальны з практыкаваннямі ў супольным мысленні. Проста таму, што тады трэба ўсё рабіць па-іншаму: дакладна фармуляваць падставовыя тэзісы размовы. Трымацца таймінгу. Не цягнуць коўдру на сябе. Спрачацца па сутнасці, пытацца востра. Падкрэсліваць важкае і адсякаць балбатню. Інакш будзе тое, што маем: хаатычныя блуканні паміж свецкім салонам, фан-клубам спадарыні Святланы і вечаровай школкай працоўнай моладзі.
Усё проста: няма дакладнай мэты – не будзе й дакладных вынікаў. Неадбудаваныя плыні квазісавецкай супольнай свядомасці – колькі ні запрашай замежных госцікаў, як ні збірай народ па спецыяльных спісах – не саспеюць да новай культуры мыслення. Бо мысленне ёсць тэхнікамі выказвання, памножанымі на ўнутраную свабоду, асабісты драйв і культурны досвед.

Праекту Святланы Алексіевіч фатальна не стае тэхнічных і свабодных. Таму і гадаваць іх ён не ў стане.


Дагэтуль з нашага боку ў клубе паважанай набелісткі гучалі пераважна рэфераты, сантыменты, трывогі ды траблы. Большага ён забяспечыць цяпер не здольны. І паціху пачынае дзейнічаць супраць сваёй заснавальніцы – разменьваць яе аўтарытэт на неабавязковыя пасядзелкі самотных ахвяраў айчыннай (інтэлектуальнай) стабільнасці.
Пытанне «Навошта?» у чарговы раз засталося адкрытым. Як і не менш істотнае «Што гэта было?» Сустрэча з замежнай аўтаркай? Сеанс вербальнага гону як доказ нашай няздольнасці паразумецца з сабой і сусветам? Сход аматараў гісторыі – супраць Халакосту на карысць светлай будучыні? Планавая акцыя літоўскай амбасады? Вечарына ўспамінаў? Экспертная нарада? Клуб ананімных разумнікаў ў стылі «Я Васіль і мне таксама баліць»? Чарговы плюсік у карму спадарыні Алексіевіч?
Калі ласка, абярыце свой варыянт. Я не здолеў. 
Максім Жбанкоў, budzma.by
(фота: Вадзім Заміроўскі)