Кароткую лекцыю па гінекалогіі? Калі ласка!
У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў прайшоў прэм’ерны паказ монаспектакля «Камера, якую дала мне маці» у пастаноўцы польскага рэжысёра Дарыюша Язерскага ў выкананні артысткі РТБД Насты Бабровай.
«Камера, якую дала мне маці» стала першым спектаклем у праекце «HomoCosmos», які прадставіць серыю тэатральных пастановак, цэнтральная тэма якіх — Чалавек, яго Цела і пошук сябе ў прасторы і часе, знешнім і ўнутраным. Аўтары праекта Кацярына Саладуха і Дарыюш Язерскі сумесна з Нацыянальным цэнтрам сучасных мастацтваў і Тэатрам новага мастацтва (Польшча) здзейснілі пастаноўку паводле прозы Сюзаны Кейсэн разлічаную на гледачоў 18+.
Стваральнікі спектакля, відаць, хацелі нас здзівіць. Усё
тут прысвечана адзінай праблеме — болю похвы ў гераіні Бабровай. Яна ходзіць да
розных адмыслоўцаў, шукае выйсце, каб суняць гэты боль, але нічога не вырашае
пытання. Яе каханак ні толькі не дапамагае ёй, але і прымушае з яшчэ большай
настойлівасцю займацца з ім сексам. Яго не цікавіць, што жанчына пакутуе. Вось
такі эгацэнтрык-садыст. Выйсце ж гераіня знаходзіць простае — кінуць гэтага
чалавека, бо відаць, похва і баліць, бо не прымае падобнага мужчыну.
Тэма — чалавек і яго цела, канфлікты, якія адбываюцца ў
жанчын з іх целам — усё гэта варта сцэнічнага ўвасаблення. Але ж... Цікавы
тэкст Сюзаны Кейсэн у перакладзе ў перакладзе Алены Ласевіч збольшага быў
пададзены недастаткова эмацыйна выразна акторкай. Мізансцэны (гераіня
перыядычна перамяшчалася з аднаго чорнага крэсла на другое, з другога на
трэцяе, з трэцяга на чацвёртае) — не вызначаліся драматургічнай абавязковасцю і
запамінальнасцю. Было крыўдна, што такі патэнцыйна цікавы спектакль атрымаўся скамечана-недаксазаным,
альбо хутчэй — наадварот празмерна відавочным, без працягу.
Але, як кажуць, лепей пабачыць на ўласныя вочы
аднойчы, чым пачуць сем разоў ад іншых. Усё ж тэма смелая, таму для беларускай
сталіцы і такі перформанс — навіна. Спектакль можна будзе паглядзець яшчэ 31
кастрычніка і 1 лістапада. Колькасць месцаў абмежаваная.
Фота аўтара