Як у «Мігова» гістарычную памяць вяртаюць
У 18 кіламетрах ад Гродна ў вёсцы Мігова, незвычайна прыгожых прынёманскіх мясцінах, некалькі стагоддзяў жылі мае продкі, амаль усе там і пахаваныя. Хочацца падзяліцца з шаноўнымі чытачамі ідэямі валанцёрскай працы па папулярызацыі мовы, гісторыі, культуры, турызму, якую ў апошнія гады праводзяць сябры нашага садовага таварыства «Мігова».
Фальварак, вёска, таварыства
Сёння ў садовых таварыствах пакуль не трэба браць шматлікіх дазволаў, як у гарадах, каб павесіць шыльду, назваць вуліцу, аформіць прыпынак, паставіць памятны знак, правесці вечарыну памяці ці выраўняць дарогу. Галоўнае — пераканаць садаводаў і кіраўніцтва таварыства, і талакой можна шмат зрабіць для захавання памяці пра мінулае. Бо штогод знікаюць з геаграфічнай мапы шматлікія населеныя пункты.
У тысячах беларускіх вёсак ужо засталіся апошнія жыхары, а колькасць лецішчаў, якія жывуць сваім жыццём, пашыраецца. Адбываецца павольны працэс рурбанізацыі: людзі з горада вяртаюцца на малую радзіму ці мігруюць у сельскую мясцовасць, прыносяць ужо іншую мову і культуру туды, дзе нядаўна была беларушчына. Хто, як не мы, можам парупіцца і практычна выкарыстаць свае краязнаўчыя напрацоўкі для візуальнага аднаўлення памяці і мовы ў вёсках і на сваіх лецішчах? Вывучыць сельскую мясцовасць, знайсці зацікаўленых дачнікаў, павесіць шыльды, зрабіць арт-аб’екты, прывабіць прыгожым беларускім словам.
Садовае таварыства «Мігова» побач з аднайменнай вёскай узнікла ў 1980-я гады. Вёска і маёнтак Мігова маюць даўнюю і цікавую гісторыю. Напачатку ХІХ стагоддзя ў склад маёнтка ўваходзіла нямала земляў: з правага боку Нёмана — фальварак Мігова, вёскі Мігова, Александрова, а на левым беразе Нёмана — Віцькі і Пескі. Апошняя пазней стала таксама маёнткам, бо землі з правага і левага бакоў Нёмана мясцовы гаспадар Іван Абуховіч падзяліў паміж сынам Аляксандрам і дачкой Сафіяй. Вёска Пескі моцна пацярпела ад казацкага набегу ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. На геаграфічнай карце вёскі і маёнтка Пескі сёння ўжо няма, а ў памяць пра мясцовых жыхароў пастаўлены крыж.
Каля аўтобуснага прыпынку садовага таварыства і шашы з адносна маладымі ліпамі, у бок фальварка Мігова, праз лецішчы, раней праходзіла старая ліпавая алея, якая захавалася толькі фрагментарна. Верагодна, па ёй часта праязджаў будучы акадэмік Яўхім Карскі, вывучаючы мясцовыя гаворкі. Па гэтай алеі вядомы папулярызатар гісторыі і спецыяліст па садова-паркавым мастацтве Анатоль Федарук адшукаў падмурак сядзібы Шлегеляў, апошніх гаспадароў маёнтка, спаленага падчас Першай сусветнай вайны.
Месца брэндаў — на прыпынку
На скрыжаванні стаяў прывезены ў 1990-я гады жалезабетонны прыпынак, у якім некаторыя чальцы садовага таварыства хаваліся ад дажджу, чакаючы прыезду гандлёвай «лаўкі» ці прыгараднага транспарту. Кожны дзень нехта праходзіў ці праязджаў каля прыпынку і не звяртаў увагі на яго занядбаны выгляд. Але заўсёды знойдуцца людзі неабыякавыя, і нованароджаную цікавую ідэю аднаго чалавека падхопяць іншыя. У нас такім чалавекам стаў Мікалай Антонавіч Шалай. Яго ідэя па рэстаўрацыі і мастацкім афармленні за ўласныя грошы прыпынку ажыццявілася на працягу летняга адпачынку 2018 года.
У маёнтак Мігова напачатку ХХ стагоддзя разам са сваёй сям’ёй прыязджаў знакаміты акадэмік Яўхім Карскі. Таму мы, садаводы, вырашылі, што Карскі, які аб’ехаў шматлікія населеныя пункты Гродзеншчыны ў пошуках беларускіх духоўных скарбаў, а ў Мігове збіраў матэрыялы і, верагодна, пісаў старонкі фундаментальнай працы «Беларусы», будзе выдатным брэндам нашага мастацкага праекту на прыпынку ў Мігова.
З чаго ж пачаць? Спачатку варта заняцца індывідуальнай асветніцкай працай. Праз нейкі час можна стварыць ініцыятыўную групу і падзяліць запланаваную работу, даведацца, каму належыць канструкцыя прыпынку ці навес. Дамовіцца з гаспадарамі канструкцыі і зямлі — можа, і яны змогуць дапамагчы адрэстаўраваць? Рэстаўрацыю можна зрабіць самім, можна запрасіць спецыялістаў-будаўнікоў. Будаўнічыя матэрыялы можна купіць ці пашукаць па садовых гаспадарках. Большасць будматэрыялаў і працоўны інструмент мы прынеслі са сваіх лецішчаў, новыя затраты збольшага пайшлі на фарбы і паслугі мастака. Потым неабходна даручыць мясцоваму краязнаўцу распрацаваць праект эскіза на гістарычную тэматыку.
Сябры садовага таварыства з дапамогай уласных «балгарак» знялі старую фарбу і тынкоўку са сцен, моцным пыласосам пад вялікім ціскам вады змылі з іх пыл і сляды тынкоўкі. Наклалі клеявы раствор, выраўнялі, зачысцілі, падрыхтавалі сцены для фарбы-асновы. Пафарбавалі некалькі разоў у светлы колер. На гэта сышло каля трох тыдняў (рэстаўрацыю рабілі толькі ў выходныя).
Адначасова краязнаўцы дапрацавалі эскіз краязнаўча-турыстычнага маршрута «Прынёманскімі шляхамі акадэміка Я.Карскага» з улікам новых гістарычных звестак.
Закупілі фарбы для малюнкаў і тэкстаў. Запрасілі студэнтку-мастачку Лізавету Бірукову, якая каля трох тыдняў малявала на сценах прыпынку задуманае.
На бакавой сцяне з’явіўся партрэт Героя Сацыялістычнай працы, шматгадовага старшыні СВК «Абухава» Іллі Пятровіча Сянько, які ў 2017 годзе пакінуў гэты свет. Унутры прыпынку на цэнтральнай сцяне — карта турыстычнага маршрута «Прынёманскімі шляхамі акадэміка Я.Карскага». Акрамя гісторыі цэркваў, касцёлаў, сінагог у населеных пунктах па маршруце вельмі важна нагадаць пра цікавых людзей, якія ўжо адышлі ў лепшы свет, — гэта найперш вядомыя настаўнікі, паэты, мясцовыя патрыёты. Таму мы намалявалі партрэты гэтых асоб, пад партрэтамі напісалі прозвішчы і даты жыцця іншых знакавых людзей нашых мясцін.
Дарэчы, пасля нашага прыпынку, які мы скончылі напрыканцы жніўня 2018 года, быў зроблены цікавы праект на Магілёўшчыне, на прыпынку ў вёсцы Глуша — малой радзіме Алеся Адамовіча.
Агулам на рэстаўрацыю, збор і дапрацоўку зробленых раней краязнаўчых матэрыялаў, удасканальванне эскізу і мастацкае афармленне прыпынку нам спатрэбілася паўтара месяца валанцёрскай і наёмнай працы.
Адзіная ў краіне вуліца ў гонар князя-асілка
У таварыстве «Мігова» вуліц і дамоў сёння больш, чым было ў аднайменнай вёсцы. У шматлікіх садовых таварыствах вуліцы да сёння пазначаюцца нумарамі: першая, другая, трэцяя… А хто перашкаджае ім даць назвы ў гонар вядомых мясцовых асоб, падзей, павесіць шыльды з гэтымі назвамі і нумарамі ўчасткаў? Так нашы сябры садовага таварыства і зрабілі ў мінулыя гады. На адмысловым дрэваапрацоўчым ручным станку за 30 хвілін можна вырабіць на дошцы назву вуліцы. Застаецца яе толькі пакрыць лакам і ўсталяваць з дазволу кіраўніцтва таварыства і гаспадара дачы.
Вуліцы назвалі імёнамі тутэйшых асоб, якія засталіся ў памяці мясцовых людзей. Першымі ў таварыстве з’явіліся вуліцы акадэміка Яўхіма Карскага і адзіная ў Беларусі вуліца князя-асілка Комата. Як лічаць некаторыя краязнаўцы, вёска Коматава ўтвораная ад імені гэтага славутага князя, пра якога людзі Гродзеншчыны і Ковеншчыны, па сведчаннях этнографа Паўла Шпілеўскага, спявалі песні больш 600 гадоў. А Ян Чачот пра князя Комата нават напісаў верш. Род Коматаў вывучаюць літоўцы, палякі, англічане, але звестак пра яго няшмат. Наш герой праводзіў перамовы з галіцка-валынскімі князямі, ад рук якіх загінуў у 1254 годзе, пакінуўшы трох сыноў.
Вуліцам без назвы ў садовым таварыстве вырашылі надаць імёны заслужанага настаўніка Беларусі Апанаса Цыхуна, старшыні СВК «Абухава» Іллі Сянько, святара Іосіфа Амельяновіча, які выратаваў жыхароў Коматава ад расстрэлу фашыстамі ў 1944 годзе, гаспадара маёнтка Мігова Аляксандра Абуховіча.
Ці з’явіцца памятны знак Карскаму? Залежыць ад нас!
У 2017 годзе праз Міністэрства культуры і мясцовыя ўлады аформілі неабходныя дакументы для ўсталявання памятнага знака ў вёсцы Мігова акадэміку Яўхіму Карскаму. Каб гэта рабілі на землях садовага таварыства, то спатрэбілася б у 10 разоў менш дакументаў і ўзгадненняў з уладамі. Але абралі цяжэйшы варыянт. Дакументы ёсць, але агучаная будаўнічай фірмай сума для ўсталявання памятнага знаку ў 10 тысяч рублёў для мясцовых людзей пакуль непад’ёмная. Багаты фундатар таксама яшчэ не знайшоўся. Таму вырашылі працаваць паэтапна: на вясну прывезці некалькі машын пяску для пляцоўкі, разраўняць, зрабіць падмурак пад валун-знак, прывезці і ўсталяваць на падмурак знойдзены шматтонны валун. Потым неабходна зрабіць шыльду з надпісам.
Спадзяемся на Божую ласку і на чытачоў, якія любяць Беларусь і могуць дапамагчы нам ва ўсталяванні ў Мігова валуна з шыльдай акадэміку Яўхіму Карскаму.
Ахвяраваць сродкі з пазнакай «На памятны знак Я. Карскаму» можна на рахунак Гродзенскага абласнога ТБМ: р/р BY34RSHN30156897300130000000 у ЗАT «Банк «Рашэнне», БІК: RSHNBY2X, УНП 500599123. Прозвішчы і сумы будучых фундатараў (з іх згоды) будуць надрукаваны ў СМІ. Нам можна патэлефанаваць: +375-33-342-16-17 ці напісаць на адрас: migowich@tut.by.
Сябра садовага таварыства «Мігова» і сябра абласной Рады ТБМ Аляксандр Крой