“IQ48” прэзентаваў “HMR”

4 лістапада ў клубе “RE:PUBLIC гурт “IQ48 ужывую прэзентаваў свой новы альбом пад таямнічай назвай “HMR.



6fe6a8a6e6cb710584efc4af0c34ce50.jpg

4 лістапада ў клубе “RE:PUBLIC гурт “IQ48 ужывую прэзентаваў свой новы альбом пад таямнічай назвай “HMR.
Распачалі канцэрт “Разбітае Сэрца Пацана — досыць вядомы на беларускай сцэне рок-гурт. Падчас выступу да іх далучыўся дзявочы танцавальны дуэт “ЭВМ, які даўно ўжо стаў своеасаблівай “візітнай карткай гурта. Між песень хлопцы пастаянна жартавалі пра цяжкае становішча ў краіне, а “ЭВМ зладзілі традыцыйнае шоў — пад песню “Ніферціці яны распранулі двух “у меру п’яных хлапцоў з зала. Сэт “Разбітага Сэрца Пацана скончыўся віншаваннямі — у гэты дзень басісту гурта якраз споўнілася 35 гадоў, і калегі па гурту падаравалі яму святочны торт.
Яшчэ да выступу лідару “IQ48 Сашу Ракаўцу давялося адчуць сябе сапраўднай рок-зоркай: калі той ішоў у прыбіральню, за ім пагнаўся адзін з раз’юшаных фанатаў. З боку сітуацыя выглядала досыць камічна: на просьбу супакоіцца, якая прагучала з боку некалькіх працаўніц клуба, што дзіўным чынам патрапілі ў мужчынскую прыбіральню, мужчына пацікавіўся, ці не з’яўляюцца яны членамі БРСМ.
Самі ж “IQ48 выйшлі на сцэну не адразу. Вядоўцы канцэрта зладзілі невялікую віктарыну. Але чамусьці разыграныя былі канцэртныя афішы з аўтографамі, а не дыскі з новым альбомам. Віктарына, аднак, выявіла, што аматары гурта яшчэ слаба ведаюць яго гісторыю: ледзь-ледзь быў адгаданы год перамогі гурта на “Басовішчы, а на пытанне, што здарылася на канцэрце “IQ48 у клубе “Тунэль, так ніхто і не адказаў. Пазней высветлілася, што на тым канцэрце быў спалены ўзмацняльнік.
На гэты раз гук у клубе быў троху лепей, чым раней, але дрэнная акустыка памяшкання ўсё ж узяла сваё. Цяплей тут таксама не стала, але для тых, хто прыйшоў адрывацца пад любімы гурт, гэта пайшло толькі на карысць. Заля была збольшага напоўненая, і па чыёйсьці ініцыятыве людзі пачалі скокі са сцэны ў натоўп. Гэтаму паспрабавалі перашкодзіць ахоўнікі клубу, але па просьбе самога Сашы Ракаўца людзям далі адносную свабоду, і прэзентацыя набыла ўсе прыкметы сапраўднага рок-канцэрта — са слэмам, скокамі са сцэны і вялікай колькасцю піва, ад якога самі выступоўцы таксама не адмаўляліся.
“IQ48 на чале з Сашам Ракаўцом граў старыя і новыя песні ўперамешку, каб занадта не нерваваць публіку. Падтымалі гурт і заяўленыя “зорныя госці — з “IQ48 у гэты вечар спявалі Вінсэнт і Аляксандр Памідораў, з якімі ў “айк’юшнікаў ёсць сумесныя запісы. Не абышлося і без сюрпрызаў — на сцэну выйшаў Павел Зыгмантовіч, былы вакаліст гурта, які з’ехаў на сталае жыццё ў Маскву.
Назва новага альбому — “HMR — абрэвіятура ад “Heavy Metal Rock. У пачатку 90-х так называлі ўсю больш-менш цяжкую рок-музыку. У трэцюю студыйную працу музыкаў увайшло 10 новых песень, сумесны трэк з Вінсэнтам і “схаваны трэк. Праца над альбомам заняла адзін год, а запісаны ён быў на студыі “Таксафон, якая належыць гітарысту гурта Паўлу Яноўскаму.