Ігар Мельнікаў з лекцыяй пра герояў: беларусы ў Войску Польскім

У Віцебску 29 сакавіка адбудзецца публічная лекцыя, прысвечаная гісторыі ўдзелу беларусаў у складзе польскага войска ў Вераснёўскай кампаніі 1939 года.



igarmel_nikau_plakat.jpg

Амаль да сярэдзіны 1990-х гадоў жыхарам Беларусі, якія сустрэлі пачатак Другой сусветнай вайны ў складзе Войска Польскага, беларускія ўлады адмаўлялі ў праве звацца ветэранамі. На жаль, да сённяшняга дня мы мала ведаем пра подзвіг тых людзей. Між тым, пасля ўсеагульнай мабілізацыі, якая была абвешчана ў ІІ Рэчы Паспалітай у канцы жніўня 1939 года, у шэрагі польскай арміі было прызвана каля 70 тысяч салдат беларускай нацыянальнасці.

Рэзервісты з тэрыторыі Гродзеншчыны і Віленшчыны папоўнілі шэрагі 1-й, 19-й, 22-й пяхотных дывізій. У 20-ю пяхотную дывізію патрапілі жыхары Баранавіцкага, Слонімскага, Пружанскага, Стаўбцоўскага і іншых паветаў. У 30-ю пяхотную дывізію набіралі «рэкрутаў» з Піншчыны, Кобрыншчыны, Брэстчыны, Лунінеччыны, Століншчыны. Жаўнерамі Навагрудскай кавалерыйскай брыгады сталі ў асноўным жыхары Ваўкавыскага, Пружанскага, Баранавіцкага, Нясвіжскага паветаў…

29 сакавіка 2014 года Лятучы ўніверсітэт і Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь” запрашаюць віцебскіх слухачоў цыкла “Urbi et Orbi” на публічную лекцыю кандыдата гістарычных навук Ігара Мельнікава.

Лектар плануе спыніцца на аналізе ключавых бітваў Вераснёўскай кампаніі 1939 года, у якіх удзельнічалі ўраджэнцы заходнебеларускіх ваяводстваў міжваеннай Польшчы. Ён распавядзе і пра лёсы некаторых беларусаў, якія з самага пачатку Другой сусветнай вайны змагаліся з нацысцкім агрэсарам. Даследаванне беларускага гісторыка грунтуецца на значнай колькасці матэрыялаў з айчынных і замежных архіваў, а таксама ўспамінах непасрэдных удзельнікаў тых падзей. Акрамя гэтага, увазе слухачоў будуць прадстаўлены цікавыя і малавядомыя здымкі і іншыя артэфакты эпохі.

Публічная лекцыя гісторыка Ігара Мельнікава “На разломе цывілізацый. Беларусы ў Войску Польскім у верасні 1939 года” адбудзецца 29 сакавіка па адрасе: г. Віцебск, вул. Белабародава, 5, вялікая зала Музею “Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва”.  Пачатак а 17-й гадзіне. Уваход вольны!

Гісторыя нашых суайчыннікаў, якія ваявалі ў верасні 1939 года у складзе польскага войска супраць нацыстаў, заслугоўвае самога паважлівага стаўлення да сябе. Тады,  у верасні 1939 года, беларусы разам з палякамі першымі ў Еўропе сказалі “не” Гітлеру. Менавіта яны ў 1939 г. зрабілі першы крок да перамогі над Трэцім Рэйхам.