Гурт «Крама» зноў апынуўся пад забаронай?
Музыкам не дазволілі выступаць на фестывалі «Ноч Кажаноў» у «Дудутках».
23 жніўня ў «Дудутках» плануецца першы фестываль «Ноч кажаноў», які арганізуе ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Апроч тэматычных забаваў і
актыўнасцяў планавалася, што на фэсце выступіць гурт «Крама», але нечакана з’яўленне музыкаў на сцэне музейнага комплекса апынулася непажаданым.
«Мне толькі што патэлефанаваў чалавек, з якім я дамаўляўся, і сказаў што нам забаранілі выступаць, — каментуе Ігар Варашкевіч. — Маўляў, дырэктара
«Дудутак» кудысьці выклікалі і сказалі, каб ніякай «Крамы» не было. Такая вось цікавая гісторыя напярэдадні прэзентацыі новага альбома. Цяпер не ведаю, што рабіць.
Прычым, у нас там усё афіцыйна было: з пералічэннямі грошай, з выплатамі падаткаў. Вось і ўзнікае пытанне, а як жа тады зарабляць грошы? За што жыць? Мне пенсію плаціць ніхто не
будзе!»
Дырэктар «Дудутак» Сяргей Дзюкараў любыя забароны ці ўласную нелюбоў да гурта адмаўляе. Тым больш, музыкі ўжо выступалі ў музейным комплексе і ніякіх пытанняў з гэтым не
ўзнікала.
«Гэта не маё мерапрыемства, — здзіўляецца Сяргей Уладзіміравіч. — У мяне проста здымаюць пляцоўку пад сваё мерапрыемства. Наколькі мне вядома, у іх узніклі пэўныя
фінансавыя пытанні. А таксама арганізацыйныя па праграме. Таму, я думаю, ні пра якія забароны ці нешта падобнае гаворкі не вядзецца».
ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» каментаваць сітуацыю не жадае. Маўляў, мэта мерапрыемства — папулярызацыя кажаноў, а гурт «Крама» планаваўся толькі як
адзін са складнікаў фестывалю.
«Таму любыя каментарыі на гэтую тэму могуць паставіць усё мерапрыемства пад пагрозу, — рэзюмуюць у Грамадскім аб’яднанні. — Сёння мы ўжо ў спешным парадку
вядзем перамовы з гуртамі Recha ды The Apples. То бок, цяпер у нас выступяць два калектывы».
***
Пачатак мерапрыемства 16:00. Кошт — уваходны квіток у музей (дарослы — 100 000 руб, дзіцячы — 60 000, дашкольнікі — бясплатна). Даведкі ў музейным комплексе
«Дудуткі» — (29)6025250, (29)6035250, ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» — (17)2630613, (29)2230613, (29)1016887.
Ілля Маліноўскі, euroradio.fm