Галоўным лаўрэатам прэміі Ежы Гедройця-2022 стаў Сяргей Абламейка
Галоўным лаўрэатам прэміі Ежы Гедройця сёлета назвалі Сяргея Абламейку з творам «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення. Кніга першая», выдадзеным у 2021 годзе Радыё «Свабодная Эўропа». Як перадае з Варшавы карэспандэнт «НЧ», Абламейка атрымае грашовую прэмію.
Сяргей Абламейка
Другое месца на цырымоніі ўручэння аддалі Вользе Гапеевай («Самота, што жыла ў пакоі насупраць», Мінск, «Галіяфы», 2021). У якасці прыза яна зможа здзейсніць творчую паездку на Готланд (Швецыя).
Трэцім лаўрэатам прэміі
Ежы Гедройца — з магчымасцю выдаць наступную кнігу — стаў Валерый Гапееў («Жэнька,
каралева мышак». Мінск, «Кнігазбор», 2021).
Сёлета на прэмію
прэтэндавалі таксама Максім Клімковіч («Шкляная лялька і іншыя страшныя
гісторыі». Мінск, «Галіяфы», 2021), Уладзімір Някляеў («Гэй Бэн Гіном».
Беласток, Фонд Kamunikat.org, 2021) і Ганна Севярынец («Мая школа». Мінск,
«Лімарыус», 2021).
Літаратурная
прэмія імя Ежы Гедройця — прэмія, заснаваная 28 снежня 2011 года, якая
прысуджаецца за найлепшую кнігу прозы, выдадзеную на беларускай мове ў жанрах
«мастацкая проза» і «эсэістыка». Заснавальнікамі літаратурнай узнагароды
выступілі пасольства Польшчы ў Беларусі, Польскі Інстытут у Мінску, Беларускі
ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў.
Прэмія была
названа ў гонар ураджэнца Мінска, польскага публіцыста і палітыка Ежы Гедройця,
які ў сваёй культурнай дзейнасці быў паслядоўным прыхільнікам добрасуседскіх
зносінаў паміж Польшчай і Беларуссю, Літвой і Украінай.