Фотапраект «Нашы руіны»: Асвея
Вось яшчэ адны руіны з фотапраекта вядомага мастака і
падарожніка Уладзіміра Цвіркі, якія безумоўна, упрыгожваюць невялічкі
гарадскі пасёлак. Ён прытуліўся каля самага берагу маляўнічага Асвейскага
возера.

Існуе гэтае паселішча з пачатку XV стагоддзя ў складзе Вялікага княства Літоўскага. Да XIX стагоддзя было вядома , як Асвей — цэнтр воласці у межах Полацкіх зямель.

Уладальнікамі гэтай мясцовасці, уключаючы і Асвей, былі такія знакамітыя шляхецкія рады, як Глебавічы, Кішкі ды Сапегі.

З 1749 года ўладаром Асвей становіцца мінскі ваявода Ян Аўгуст Гільзен. Праз некалькі гадоў ён тут будуе шыкоўны палац.

Разам з будоўляй палаца быў закладзены пейзажны парк, які і сёння з'яўляецца самым цікавым узорам паркавага мастацтва Віцебшчыны.

Вядома, што Асвей з 1695 года называлі горадам. Тут існаваў кляштар місіянераў , касцёл , які знішчаны у 1937 годзе , працавала некалькі вучэльняў, ладзіліся кірмашы.

Шмат чаго знішчыў час і людзі. Шмат чаго ужо не вернеш ніколі. На сёння захаваўся вялізны парк, які цягнецца аж да самога возера.

Пасярод гэтага парку і узвышаюцца руіны палаца. Большая частка яго зруйнаваная. Але нават тое, што засталося, уражвае.

У спалучэнні з зелянінай стогадовых дрэў, з рэшткамі каменных сцен, у цішыні парку, напоўненага водарам чыстага паветра — столькі пяшчоты і натхнення, столькі жалю...