Дзеці з аўтызмам і прафесійныя акторы пакажуць мюзікл «Флейта-чарадзейка» па-беларуску

Сямейны інклюзіўны тэатар «i», у склад якога ўваходзяць прафесійныя акторы і дзеці з аўтызмам, адкрые сэзон 5 кастрычніка ў менскім Палацы культуры ветэранаў з беларускамоўным мюзіклам «Флейта-чарадзейка». Затым мюзікл пакажуць ва ўсіх абласных цэнтрах, пачынаючы з Гомеля 8 кастрычніка. Разам з тым тэатар ужо рыхтуе новую пастаноўку.

fcc66670_13c0_4f03_9a06_2c8d0f5c610a_w987_r1_s.jpg


Музычны дэтэктыў, як называюць «Флейту» ў тэатры, распавядзе пра двух дзяцей, якія прыехалі да дзядзі ў вёску і апынуліся ў казачным свеце. Там яны выпраўляюцца на пошукі чароўнай флейты, каб уратаваць чароўны лес, але казачны свет аказваецца цесна пераплеценым з рэальным. Аўтар тэкстаў і лібрэта — Марыя Дземянкова.
Мюзікл ставіць рэжысэр Тэатра юнага гледача Ігар Сідорчык, сцэнаграфіяй і дэкарацыямі займаецца Веніямін Маршак, касцюмы робяцца пры ўдзеле куцюр’е Янжа Нядвецкага. Прадзюсар спектакля — заснавальнік Альтэрнатыўнага тэатру Леанід Дынэрштэйн. Спектаклі ладзяцца пры ўдзеле дабрачыннай грамадзкай арганізацыі «Дзеці. Аўтызм. Бацькі» і пры спонсарскай падтрымцы кампаніі velcom.
Прэм’ера спэктаклю прайшла ў траўні. Як распавядала тады мастацкая кіраўніца «і» Ірына Пушкарова, мюзікл быў створаны ў рэкордна кароткі час — за два месяцы. Усяго ў трупе тэатру каля 100 чалавек, 15% з іх маюць парушэнні аўтычнага спектру (удзельнікі тэатру заяўляюць, што глядач ніколі не адгадае, хто з актораў на сцэне іх мае). У спектаклі на сцэне граюць 36 артыстаў, адначасова з імі працуюць псіхолагі і т’ютары.
Паводле svaboda.org