«Дзіцячы альбом»

На сядзібе Таварыства беларускай мовы адбылася імправізаваная прэзентацыя «Дзіцячага альбому», над якім працавалі вядомыя выканаўцы Зміцер Сідаровіч (ex-«Камэлот ») і Таццяна Грыневіч-Матафонава.

Іх памочнікамі і паўнапраўнымі ўдзельнікамі прэзентацыі сталі Адась Матафонаў і Тамаш Сідаровіч — сыны Змітра і Таццяны, якім, адпаведна, 9 і 12 гадоў. Менавіта іх звонкія галасы ўпрыгожылі міні-канцэрт паводле «Дзіцячага альбому» і саму праграму новай кружэлкі.



98b17f068d5d9b7668e19fb8ae470841.jpg

На сядзібе Таварыства беларускай мовы адбылася імправізаваная прэзентацыя «Дзіцячага альбому», над якім працавалі вядомыя выканаўцы Зміцер Сідаровіч (ex-«Камэлот ») і Таццяна Грыневіч-Матафонава.
Іх памочнікамі і паўнапраўнымі ўдзельнікамі прэзентацыі сталі Адась Матафонаў і Тамаш Сідаровіч — сыны Змітра і Таццяны, якім, адпаведна, 9 і 12 гадоў. Менавіта іх звонкія галасы ўпрыгожылі міні-канцэрт паводле «Дзіцячага альбому» і саму праграму новай кружэлкі.
Дзякуючы творчаму супрацоўніцтву з салісткай Бел­дзяржфілармоніі Таццянай Грыневіч-Матафонавай пабачыў свет гэты незвычайны дыск. На «Дзіцячым альбоме» Таццяна выступіла ў некалькіх важных іпастасях: як аранжыроўшчык і як музыкант — у якасці скрыпачкі, флейтысткі, выканаўцы на акарыне, піяністкі. Зміцер жа, акрамя традыцыйнай гітары і дуды, на дыску займаўся аранжыроўкамі песень, спяваў, граў на іншых інструментах. Але галоўнае музычнае перадвызначэнне Таццяны, як, зрэшты, і Змітра, — выхаванне беларускага музычнага густу сваіх дзяцей.
У «Дзіцячым альбоме» — 27 трэкаў, на якіх гучаць творы, запісаныя і выдадзеныя айчыннымі фалькларыстамі ў серыі «Беларуская народная творчасць». Адабраныя гэтыя песні такім чынам, каб альбом і творы з яго можна было выкарыстоўваць для сямейнага праслухоўвання, развучвання ў хоры ці сольна ў выглядзе інсцэніровак, выкарыстоўваць яго матэрыял для дзіцячых дыскатэк. Для гэтага, дарэчы, на дыску маецца файлы з нотамі песень з «Дзіцячага альбома». Мо таму ініцыятары і выдаўцы гэтай музычнай працы паставілі сабе на мэту прапанаваць музычны матэрыял дыска Міністэрству адукацыі Рэспублікі Беларусь у якасці метадычнага зборніка для выкарыстання ў пазакласнай школьнай працы.
Гісторыя стварэння гэтага музычнага сшытка мае вялікі тэрмін — ажно некалькі гадоў, на працягу якіх у бацькоў беларускамоўнай групы сталічнага дзіцячага садка № 314 выкрышталізавалася ідэя стварэння складанкі народных дзіцячых песень, якія б змаглі абудзіць цікаўнасць дзетак да фальклору, да спеваў, да беларушчыны. Тады не было жадання запісаць гэтыя творы на дыск, а паўставала імкненне «зрабіць нешта на трывалай беларускай глебе», каб нашы дзеці ведалі не толькі мелодыі савецкіх «мульцікаў», але і цудоўныя мелодыі і дасціпную народную паэзію беларускага фальклору. Ідэя запісу нарадзілася праз два гады. І вось яна рэалізавалася ў дыску, які просіцца мець працяг.
Па словах Змітра і Таццяны, аранжыроўкі песень «Дзіцячага альбому» можна падзяліць на два ўмоўных падыходы: выкананне песень у народных, вясковых традыцыях, да якіх пасуе скрыпка, дуда, акарына, і архаічныя спевы з выкарыстаннем урбанізаваных аранжыровак пад гітару, з дапамогай кампутарных тэхналогій.
Трэба адзначыць, што галоўнымі дзеючымі асобамі прэзентацыі сталі Адась Матафонаў і Тамаш Сідаровіч, чыімі галасамі загучалі такія цудоўныя песні, як «Кую-кую ножку», «Чыкі-чыкі, сарока», «Тын-тын», «Ту-лю-лю», «Ішоў казёл мастом», «Каза-Таўкачыкі». Як паведаміў Зміцер Сідаровіч, з канцэртнай праграмай паводле «Дзіцячага альбома» юныя музыканаты ўжо аб’ехалі амаль усю Беларусь, песні з яго спявалі ў розных рэгіёнах краіны і паўсюль мелі вялікі поспех і захапленне гэтымі звонку простымі, але старажытнымі мелодыямі. Часцяком юныя артысты і іх бацькі мелі выступы ў сталічных кафэ «Жар-птушка», у якім штотыдня адбываюцца этнічныя танцавальныя вечары, ладзяцца вечарыны фальклорнай музыкі. Пра ўсё гэта, а таксама пра тое, як працавалася Адасю і Тамашу ў студыі, распавялі самі юныя спевакі, калі высветлілася, што хлопцы маюць што сказаць журналістам і проста цікаўным аматарам беларускага фальклору.
Стваральнікі і выдаўцы «Дзіцячага альбому» выказалі асаблівую ўдзячнасць дзеячам беларускай эміграцыі ў ЗША, у прыватнасці, спадарыні Ірэне Калядзе-Смірновай, а таксама фундарам з Культурна-адукацыйнай фундацыі Орса-Рамана, без фінансавай падтрымкі якіх праект «Дзіцячага альбома» не быў бы рэалізаваны. А яшчэ ўсе прысутныя на прэзентацыі «Дзіцячага альбому» былі заінтрыгаваныя паведамленнем Змітра Сідаровіча і Таццяны Грыневіч-Матафонавай пра тое, што будзе працяг гэтай працы — другая частка альбома, якую музыканты плануюць выдаць на Каляды.