«Дом там, дзе я?» Сяргей Будкін і яго каманда знялі дакументальны фільм пра беларускіх творцаў у выгнанні
Героі фільма — беларускія творцы, якія не могуць вярнуцца дадому. Выхад стужкі Сяргей Будкін анансаваў у сваім фэйсбуку.
«Іх ранейшае жыццё было зруйнаванае спачатку тэрорам на Радзіме, а потым вайной ва Украіне. Але яны працягваюць жыць і радавацца жыццю, ствараць і натхняць іншых. Напэўна, гэты фільм пра пошук сябе. І пра пошук дома. Пра пошук дома ў сябе. Пра здольнасць захаваць сябе ў экстрэмальных умовах. І пра вялікую сілу Мастацтва. Бо пакуль мы малюем, спяваем, фатаграфуем, пішам, ствараем — мы жывем», — напісаў ён.
Некалькі месяцаў стваральнікі фільма правялі побач з героямі — мастачкай Ташай Кацубай, фотамастачкай Каралінай Паляковай, музыкам Юрам Стыльскім і фатографам Алесем Пілецкім.
«Мы здымалі на часовых кватэрах герояў, у офісах, у хабе і шэлтары, у галерэях, кавярнях і барах, на оўпэн-эйры і ў клубе, у трамваі, у метро, падземным пераходзе, на канатнай дарозе, на вуліцах, плошчах, у гарах і каньёнах… Было адчуванне, што мы знаходзімся ў вечным руху і не можам дазволіць сабе спыніцца. Бяжым, а тэрор і вайна ідуць недзе побач, па нашых слядах… Як на гэтым бягу не выдыхнуцца і працягваць ствараць, калі вакол усё руйнуецца і ў цябе няма дома? Вось на гэтае пытанне я і шукаю адказ разам з героямі», — распавёў Сяргей Будкін.
Фільм ужо з'явіўся на ютубе. Аўтар будзе ўдзячны ўсім за каментары.