Для большасці анімацыя — толькі забаўка

Ёсць людзі, якія на працы могуць гадзінамі думаць пра тое, як прымусіць скакаць запалкавыя скрынкі. Альбо ўсур'ёз разважаюць на тэму, чаму гэта божая кароўка... гаўкае. Сёння яны адзначаюць сваё прафесійнае свята — Міжнародны дзень анімацыі.
 

Кадр з фільма "Рэактыўнае парася"

Кадр з фільма "Рэактыўнае парася"


З адным такім чалавекам — мультыплікатарам, рэжысёрам і сцэнарыстам Аляксандрам Ленкіным — мы і сустрэліся.
— Аляксандр, якая яна, беларуская анімацыя?
— Мы перажылі цяжкія часы, калі ў нас не было грошай, але апошнія гадоў 6-7 у нас усё выдатна з фінансаваннем. Паступова мы сталі пераходзіць на лічбавыя тэхналогіі, але пры гэтым беражліва захоўваем ручныя тэхналогіі, якія запатрабаваныя да гэтага часу. Напрыклад, так званая класічная перакладка. Прыклад класічнай перакладкі — «Вожык у тумане» Юрыя Барысавіча Нарштэйна. Вось гэтую тэхналогію мы захавалі. Вядома, зараз дадаюцца новыя элементы. Напрыклад, фоны здымаюцца асобна, персанажы асобна, а потым гэта ўсё на кампутары злучаецца. Свет не стаіць на месцы, і мы таксама.
— У чым фішка беларускай мультыплікацыі?
— У нас істотна павысілася якасць: пачынаючы ад ідэй, якія кладуцца ў аснову сцэнара, і заканчваючы якасцю рухаў, афармлення, карцінкі, стылёвага рашэння. Таму наша фішка ў вельмі добрай якасці фільмаў. Гэта пацвярджаецца і вялікай колькасцю прызоў, якія мы атрымліваем на міжнародных фестывалях.

Атрыманыя ўзнагароды

Атрыманыя ўзнагароды


— Нашы мультфільмы бяруць фествальныя прызы, але штосьці мы не бачым гэтых лаўрэатаў на беларускіх каналах.
— Гэта няпраўда! Я свае фільмы на трэцім канале гляджу як мінімум два-тры разы на месяц. Але трэба разумець, што мы робім прыкладна 10 мультфільмаў у год. І кожны дзень паўтараць іх не будзеш. Тое, што бацькі не бачаць гэтыя мультфільмы — гэта пытанне не да тэлебачання, а да бацькоў.
Мая маці неяк распавяла гісторыю, якая з ёй адбылася. Кажа, гляджу па тэлевізары мультфільм нейкі і думаю, вось было б класна, каб мой сынок здымаў такія фільмы. А калі пайшлі цітры раптам высветлілася, што Аляксандр Ленкін — аўтар сцэнара і рэжысёр. Гэта былі «Прыгоды рэактыўнага парася». Мы проста не ведаем, што глядзім, і хто гэта зрабіў. Гэта непаразуменне можна было б ліквідаваць, калі б людзі цікавіліся анімацыяй. Але для пераважнай большасці анімацыя — гэта толькі забаўка.
Дарэчы, нядаўна мне патэлефанавалі з адной установы адукацыі і паведамілі, што выйшаў падручнік для пятых класаў, і там ёсць трошкі пра беларускую анімацыю, пра прыгоды рэактыўнага парася. Гэта значыць, інфармацыя дзецям пра тое, што мы робім усё-ткі патроху трапляе.

karta_16__1_of_1__4_1_logo.jpg

— Хто зараз фінансуе стварэнне мультфільмаў у Беларусі?
— Дзяржава.
— Якія мульцікі падабаюцца вам, што можаце параіць бацькам?

rhx_lqbmc1q.jpg


— Вельмі складанае пытанне. Справа ў тым, што ў свеце ствараецца прыкладна 20–40 тысяч карцін у год. Абсалютна розных. У першую чаргу, я раю ўсю нашу беларускую анімацыю — гэта вельмі файна. Добра было б паглядзець фільмы рэжысёраў Міхаіла Тумелі, Міхаіла Алдашына, Івана Максімава.  Японцы робяць выдатнае кіно. Калі казаць пра спіс мультфільмаў, дык ён проста вялізарны. Я хутчэй магу сказаць, што не трэба глядзець — «Маша і мядзведзь».
— Чаму? Дзецям гэты мульцік вельмі падабаецца.
— Канечне, «Маша і мядзведзь» таксама мае права на існаванне. Але гэта толькі забава  — і ўсё. А мне хочацца, каб нашыя дзеці не толькі якую-небудзь інфармацыю атрымлівалі, але яшчэ і рабілі пэўныя высновы. Каб яны развіваліся духоўна, каб у іх фарміравалася эстэтычнае ўспрыманне свету.
— Якая эстэтыка, напрыклад, у мультфільме пра рыбку па імені Нельга? Якую думку вы хацелі данесці дзецям?
— Найперш, пра сямейныя каштоўнасці. Гэта вельмі важны момант — якім чынам павінна фарміравацца сям'я і якія павінны быць узаемаадносіны. І не толькі ў сям'і, бо яна не адна ў гэтым возеры жыве. Дарэчы, узаемаадносіны паміж людзьмі — вельмі важны элемент маёй творчасці. Гэтыя стасункі могуць існаваць у экстрэмальнай сітуацыі, ці проста — людзі п'юць гарбату, але пачынаюць высвятляць адносіны, вырашаць нейкія глабальныя задачы.

Кадр з фільма "Рыбка па імені Нельга"

Кадр з фільма "Рыбка па імені Нельга"


— «Маша і мядзведзь» — гэта таксама характары, сітуацыі і канфлікты, якія ўзнікаюць паміж персанажамі.
— Вось калі б гэта было ў адной ці дзвюх серыях, але будаваць серыял на тым, што Маша дастае гэтага беднага Мішу, а той не ведае, што з гэтай Машай рабіць… Гэта камерцыйная анімацыя. Магчыма, для Расіі гэта нейкі этап і праз некаторы час у іх з'явяцца іншыя серыялы ці поўнаметражныя фільмы, у якіх будуць зусім іншыя задачы, можа, больш духоўныя.
— Ці плануеце вы вяртацца да здымкаў дарослых фільмаў, кшталту «Аповесці мінулых гадоў»?
— Пакуль не ведаю. Гэта выдатны праект, які мне вельмі падабаўся, але ён вельмі складаны ў тэхнічным выкананні. Магчыма, праз нейкі час мы прыйдзем да іншага праекта. Ва ўсялякім выпадку, зараз нашы маладыя рэжысёры працуюць над альманахам, у якім будуць чатыры сюжэты на аснове беларускіх легенд і паданняў, таксама па-беларуску.
Але вынік «Аповесці мінулых гадоў» увесь час з намі прысутнічае, мы заўсёды яго ўзгадваем. Бо гэта быў не проста цікавы праект. Ён стаў паспяховым, таму што ў нейкі момант мы зразумелі: кожны сюжэт павінен рабіць адзін рэжысёр і пры гэтым не глядзець, што робяць іншыя. Там шэсць сюжэтаў і шэсць рэжысёраў. Гэтая разнастайнасць, аб'яднаная адной ідэяй, і стала ў выніку цікавай і для гледачоў, і для журы фестывалю.

karta_16__1_of_1__3_1_logo.jpg


— Ці ёсць у беларускіх аніматараў шанец зняць мультфільм, які глядзелі б ва ўсім свеце, які б прынёс вялікія грошы яго стваральнікам, кшталту, «Шрэка»?
— Канешне, і мы зараз рыхтуемся запусціць такі праект. Але што такое зняць фільм? Насамрэч, гэта вельмі складаны і доўгі працэс. Тут шмат складнікаў. Адзін з іх — драматургічная ідэя і яе ўвасабленне ў тэкст і дзеянне. А яшчэ гэта і фінансаванне. Бо вытворчасць тых жа «Шрэкаў» каштуе шалёных грошай. У нас такіх няма. І, пэўна, трэба браць чымсьці іншым.
Тым не менш мы працуем, рухаемся наперад і штосьці, я думаю, адбудзецца. Менавіта сёння я напісаў сінопсіс поўнаметражнага анімацыйнага фільма, якім, магчыма, мы будзем займацца.


Віншуем Аляксандра Ленкіна і яго калег з прафесійным святам — Міжнародным днём анімацыі, зычым поспехаў і чакаем на новыя працы!

А каб пераканацца, што беларуская мультыплікацыя існуе, і яна цікавая, раім вам паглядзець два фільмы Аляксандра Ленкіна: «Дзед» і «Птаха».