«Чуйнар» — новая кніга Васіля Дэбіша
У берасцейскага паэта Васіля Дэбіша ў Бібліятэцы Саюза беларускіх пісьменнікаў у выдавецтве «Кнігазбор» выйшаў змястоўны вершаваны зборнік, які шырока паказвае тэматычную і вобразную разнастайнасць яго творчасці.

Выданне складаецца з пяці раздзелаў, у кожным з якіх можна знайсці ўзоры філасофскай, пейзажнай, любоўнай, грамадзянскай лірыкі.
Не дзіва, што творчы наробак спадара Васіля вялікі — пісьменнік шмат гадоў друкуецца ў абласной і рэспубліканскай прэсе і мае тры паэтычныя кнігі: “Белыя птахі”, “Лісты да Марыі”, “Праз дождж”.
Аўтар аддае перавагу класічнаму рыфмаванаму вершу, хаця ёсць і верлібры, а завяршаецца новы зборнік “жвірынкамі” — паэтычнымі мініяцюрамі. Некаторыя з іх хочацца чытаць і перачытваць:
***
Расквітнелі
ў сумным маўчанні
вусны каханай.
***
З кронаў дрэваў
страсаю
зоркі.
***
Старасць прыйшла.
Клічу неба —
Адгукаецца крумкач.
Васіль Дэбіш