Ці да раманаў нам сёння? Да раманоў!

У летні час, калі на кніжным рынку звычайна пануе вусціш, раптоўна грымнула навальніца — на паліцах кнігарняў з’явілася новая серыя. Ды якая — адразу ажно 26 тамоў! Пра гэткую нязвыклую культурніцкую падзею расказвае адзін з распрацоўшчыкаў серыі, сябра яе рэдакцыйнай рады, пісьменнік Уладзімір Сіўчыкаў.  



gehfgt_img.jpg

— Уладзімір Мікалаевіч, віншую вас з выхадам аўтарскіх кніг — вершаў дзецям «Кошык Велікодны» і кароткай прозы «Уладзевы гісторыі»! Але раскажыце сёння пра ваш новы праект.

— Паўтары гады таму кіраўніцтва выдавецтва «Папуры», што ўваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых у нашай краіне і з якім даўно супрацоўнічаю як аўтар, укладальнік і выдавец, прапанавала паўдзельнічаць у цікавым праекце — выпуску айчыннай класікі. Я ахвотна пагадзіўся і напачатку папрасіў даўніх знаёмцаў і сяброў — Уладзіміра Арлова, Лявона Баршчэўскага, Пятра Васючэнку і Міхася Тычыну — паскладаць свае спісы ў тры дзесяткі найлепшых твораў нашага прыгожага пісьменства. Пазней мы абмеркавалі іх, склалі агульны «рэестр» серыі пад брэндам «Мая беларуская кніга». У ім фігуравалі як паасобныя творы, так і зборнікі, як беларускамоўныя, так і іншамоўныя творцы...

— Пачакайце, вы казалі пра серыю айчыннай класікі!

— Беларуская літаратура ахоплівае не толькі напісанае па-беларуску, але і, скажам, на латыні. Уключылі мы ў сваю серыю такія пярліны, як «Авантуры майго жыцця» Саламеі Пільштыновай і «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», якія пераклаў з польскай мовы Мікола Хаўстовіч, а таксама паэму «Пан Тадэвуш, або Апошні наезд у Літве» Адама Міцкевіча, пераствораную Пятром Бітэлем. Не кожны літаратуразнавец ведае пра раман «Зельманцы» Майсея Кульбака, які расказвае пра Менск і менскіх габрэяў дваццатых гадоў мінулага стагоддзя. Напісаны ён быў на ідыш і перакладзены Віталём Зэйдэлем-Вольскім, дзедам знанага сёння музыкі і літаратара Лявона Вольскага. І, думаю, анікому не прыйдзе ў голаў сумнявацца, што Алесь Адамовіч — беларускі пісьменнік, аповесць якога «Венера, або Як я быў прыгоннікам» перастварыў з рускай мовы Міхась Тычына.

— А якія бясспрэчныя, на вашу думку, творы сталі асноваю серыі?

— Гэта том «Тутэйшыя. Выбраныя творы» Янкі Купалы, паэма «Новая зямля» Якуба Коласа, «Пярсцёнак. Выбраныя творы» Максіма Багдановіча, аповесці «Дзве душы» і «У чым яго крыўда?» Максіма Гарэцкага, «Пінская шляхта. Выбраныя творы» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, «Лабірынты. Выбраная проза» Вацлава Ластоўскага, «Людзі на балоце» Івана Мележа...

— Ну, а тым, хто прагне класікі, але больш лёгкачытэльнай, ёсць што прапанаваць?

— Калі ласка! Дэтэктыўная аповесць Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха», гістарычны раман Кастуся Тарасава «Пагоня на Грунвальд», прыгодніцкія аповесці падлеткам Янкі Маўра «Палескія рабінзоны» і «Сын вады».

— Кожны аўтар прадстаўлены адным томам?

— Выключэнне зроблена для Васіля Быкава — для тамоў аповесцяў пра вайну і каханне «Альпійская балада. Пакахай мяне, салдацік» і «Сотнікаў. У тумане».

— Буркун ці скептык могуць заявіць, што Быкава дый Барадуліна павыходзіла апошнімі гадамі зашмат...

— А ці можа быць зашмат, скажам, Бібліі?! Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін на сёння — гэта апосталы беларускай нацыі! І ці насмеліўся б падобнае прамовіць публічна які недабразычлівец, калі хто з іх стаўся б лаўрэатам Нобелеўскай прэміі?!

— А кошт вашых покет-букаў не адпалохае пакупнiка?

— Сёння, нягледзячы на аб’ём тома ў 176 ці ў 592 старонкі, кожны з іх выстаўлены па 55 тысяч. Прычым у кнігарнях «Акадэмкніга», «Цэнтральная», «Светач», «Кнігарня пісьменніка» і многіх іншых па ўсёй краіне, на парталах tut.by і OZ.by набыць можна як паасобныя тамы, так і ўсю «лінейку» з 26 кніг. Дарэчы, у фармаце покет-бук серыя беларускай класікі выходзіць ці не ўпершыню, а тыраж кожнага тома ў нас складае ад 2000 да 2500 экземпляраў.

— А сумарны тыраж?

— 58 тысяч.

— Людзі ахвотна карыстаюцца мабільнай сувяззю, пішуць караценькія эсэмэскі, а «карцінка» на тэлеэкране мяняецца штохвіліны. Ці да раманаў ім сёння?

— Затое ў тых самых людзей хапае часу на мыльныя оперы, на канцэрты з сумнеўным гумарам і небясспрэчным вакалам. А класіка гэтак завецца і таму, што нясе адвечныя і заўсёдныя каштоўнасці, узоры выдатнай стылістыкі. Добры твор зусім не лішне прачытаць не толькі ў школьным, студэнцкім, але і ў сталым узросце. Наша серыя да таго ж будзе нагадваць і самім беларусам, што яны ёсць у свеце і што літаратура нашая аніколькі не горшая за іншыя еўрапейскія.

— Што ж, няхай шчасціць вашай серыі, хай мае яна доўгі і ўдалы працяг!

Гутарку вёў Уладзя Булаўскі, www.sn-plus.com