Ці можна лічыць 1 жніўня датай нараджэння беларускіх музеяў?
1 жніўня 1520 г. прыйшоў на свет Жыгімонт ІІ Аўгуст, апошні Ягайлавіч, першы ў ВКЛ мецэнат-калекцыянер і стваральнік бібліятэчных збораў.
Больш вядомы масавай публіцы сваім пранізліва-дэтэктыўным
раманам з Барбарай Радзівіл, шырока апісаным у папулярнай і мастацкай
літаратуры і ўвасобленым у тэатры, гэты чалавек, што пражыў толькі 51 год і не
пакінуў нашчадкаў па мячы, усё-ткі адзначыўся ў нацыянальнай гісторыі больш
істотным чынам.
Ён быў чалавекам Рэнесансу. Праўда, не ён, а яго бацька, з падтрымкай брата, венгерскага і чэшскага манарха Уладзіслава VI, у якога жыў у Будзе ў 1490-1492 гг., і жонкі, Боны Сфорца, увасобіў у Польшчы і ВКЛ першыя праекты новага еўрапейскага мастацтва — рэнесансавыя палацы ў Кракаве (Вавель) і Вільні (Ніжні замак, нядаўна адноўлены з нуля). Але напоўніў апошнія гуманістычным зместам, або начыннем, менавіта Жыгімонт ІІ Аўгуст. У віленскім Ніжнім замку ён заснаваў значны збор карцін і габеленаў еўрапейскіх майстроў. Асабліва цікавіўся творчасцю паўночнаеўрапейскіх жывапісцаў, найперш Лукаса Кпанаха Старэйшага, чаму садзейнічалі цесныя сувязі з васалам Жыгімонта Аўгуста, герцагам Альбрэхтам Прускім.
Менавіта з Кралеўца ад Альбрэхта ў 1547 г. у віленскую вялікакняскую калекцыю была перададзена галерэя партрэтаў нямецкіх курфюрстаў работы Кранаха. Іншы немец, Антон Вейдэ з Цюрынгіі, працуючы ў Вільні, папоўніў вялікакняскія зборы зусім рэнесансавымі сюжэтамі – карцінамі «Паляванне на зуброў» (1545) і «Турнір рыцараў» (1546) – адлюстраваннямі забаў двара. Увайшла ў палацавую маёмасць і бібліятэка ў некалькі сот кніг. Пры двары дзейнічалі музыкі і акцёры.
Следам за вялікім князем рэнесансавыя густы ўспрымалі ўплывовыя магнаты. Мікалай Радзівіл Чорны (1515-1565) пакінуў сваім сынам калекцыю, ацэненую па ягонай смерці ў фантастычную суму 5732 злотых. Нават полацкі купец Іван Хадыка меў у тыя часы ў хатнім зборы 15 абразоў і 2 свецкія карціны: Рэнесанс пашыраўся ў масы.
Безумоўна, Жыгімонт ІІ Аўгуст пакінуў след не толькі як мецэнат, але і як палітык і дзяржаўны дзяяч. Правёў Валочную памеру, аграрную рэформу, што павялічыла даходы дзяржаўнага скарбу. Стварыў Марскую камісію, чым распачаў умацаванне арміі Польшчы і ВКЛ праз заснаванне марскога флоту. Нарэшце, вызначаўся талерантнасцю, заміраючы католікаў і праваслаўных, дазваляючы пашырэнне пратэстанцкага руху.
Але найперш застаўся ў гісторыі як рэнесансавая асоба, апякун таго, што стварала сэрцавіну новай культуры — мастацтва, літаратуры, новых скарбонак ведаў. Тых самых музеяў у тым ліку.