Чаму ў Літве ВКЛ дагэтуль лічыцца літоўскай джяржавай?

2 траўня ў межах цыкла публічных лекцый Лятучага ўніверсітэта “Urbi et Orbi” доктар гісторыі Русціс Камунтавічус разважае на тэму: “Чаму ў Літве ВКЛ дагэтуль лічыцца літоўскай дзяржавай?” Гэтая лекцыя — спроба ўсведамлення іншага пункту гледжання, праз які можна адкрыць для сябе новыя старонкі сваёй гісторыі.



rus_512.jpg

Кожная нацыя павінна мець свой расповяд пра мінулае, свой нацыянальны наратыў. Але як быць з такім мінулым, якое належыць не адной нацыі, геаграфія якога ў сучаснай сітуацыі не супадае з межамі адной дзяржавы? Як паразумецца суседзям, якія ў рознай палітычнай, ідэалагічнай, культурнай стылістыцы ствараюць свае міты, песні, свае літаратурныя творы і нават навуковыя даследванні пра адно і тое ж агульнае мінулае? Гэтыя пытанні набіраюць сваёй моцы і актуальнасці, калі гаворка ідзе пра агульную для Беларусі і Літвы спадчыну Вялікага Княства Літоўскага.

Дзеля таго, каб пачаць шукаць шляхі паразумення, каб імкнуцца не да пераканання адзін аднаго ў правільнасці сваіх версій, а да таго, каб гістарычны наратыў пра ВКЛ стаў больш поўнасным, цікавым, беларусы і літоўцы павінны прызнаць гэтую рознасць падыходаў не як тое, што супярэчыць адно аднаму, а як тое, што дапаўняе, дазваляе нам быць больш адэкватнымі ў сваіх версіях мінулага.

“І палякі, і літоўцы, і беларусы ўсё адно будуць мець свой нацыянальны наратыў і пра ВКЛ, і пра Вільню. Але сэнс у тым, каб зразумець крытычна адно аднаго, не стараючыся знішчыць версію апанентаў. Чытаючы ўсё і думаючы над гэтым – будзеш набліжацца да аб’ектыўнага бачання”, — кажа ў інтэрв’юдырэктар Інстытута Вялікага Княства Літоўскага (Коўна, Літва), дацэнт Універсітэта Вітаўта Вялікага ( Коўна, Літва) Русціц Камунтавічус. Па словах спадара Камунтавічуса, у такой сітуацыі літоўскія гісторыкі, галоўным чынам, павінны быць зацікаўленыя не ў тым, каб беларускую інтэрпрэтацыю гісторыі ВКЛ больш наблізіць да літоўскай версіі, а наадварот — каб беларуская гісторыяграфія ВКЛ развівалася як мага больш незалежна і прафесійна.

Лекцыя абудзецца ў гатэлі Crowne Plaza, зала Princess II. Пачатак а 18.30.

Online-трансляцыя лекцыі

Інтэрв’ю Русціса Камунтавічуса