«Будзьма беларусамі!» запрашае ў «Вандроўку ў дзівосны сад»
Грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» і Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь запрашаюць на летні фэст для дзяцей і дарослых «Вандроўка ў дзівосны сад» у суботу 29 чэрвеня а 16-й гадзіне.
Наведвальнікам прапануюцца прэм’ера гульні-спектакля «Хто расце ў садзе?», музыка, песні, вясёлыя конкурсы, майстар-класы. А таксама падарункі для самых актыўных удзельнікаў.
Падчас спектакля «Хто расце ў садзе» яго аўтар Васіль Дранько-Майсюк разгорне перад маленькімі гледачамі інтэрактыўную дзею: раскажа і пакажа, якія адметныя істоты жывуць у яго садзе, іх характары, настроі і памкненні. Да прыкладу, у садзе жыве хітры вусень Мікіта, які хоча... А вось што ён хоча дазнаюцца наведнікі фэсту. А яшчэ дзеці даведаюцца, як адрозніць вішню ад чарэшні, грушу ад яблыні, калі дрэвы яшчэ не ў квецені, навучацца абараняць расліны ад прагавітага вусеня. І што важна, дзеткі будуць не толькі гледачамі, але і актыўнымі ўдзельнікамі гульні-спектакля, падчас якога чакаюцца арыгінальныя гульні і нечаканыя выпрабаванні, а настрой будзе абавязкова сонечны!
Дарослыя таксама не будуць абдзеленыя ўвагай. На фэсце адбудзецца цікавая і карысная сустрэча з псіхолагам Наталляй Данілавай, якая распавядзе пра асноўныя прынцыпы пазітыўнага выхавання дзяцей і адкажа на пытанні наведнікаў.
І прыемны дадатак: набыўшы квіток на фэст, наведвальнікі займеюць магчымасць яшчэ і паглядзець асноўную экспазіцыю і часовыя выставы Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.
Падзея ў Facebook.