Беларуская газэта ў 1926 годзе: Палітычным вязьням – волю!

Выданьне «Народная Справа» выходзіла на тэрыторыі Заходняй Беларусі з 19 чэрвеня 1926 года. Гэта была газэта партыі Беларуская сялянска-работніцкая грамада, якая дзейнічала ў Польшчы ў справе абароны беларускага народа. Пагартаем актуальныя і сёньня пажоўклыя старонкі прэсы.

«Народная Справа» першы нумар

«Народная Справа» першы нумар

Крыху зьменім звыклы фармат нашай серыі артыкулаў пра ранейшыя газэты, і напачатку скіруем свае вочы і рукі ў №2 «Народнай Справы». Як ня сумна падсумоўваць час, што прайшоў з моманту выданьня гэтай газэты аж да сёньняшняга дня, балюча кідаецца ў вочы загаловак на першай старонцы другога нумара выданьня ад 2 ліпеня 1926 года.

Палітычным вязьням – волю!

У нашы рукі папаў цікавы дакумант: гэта – рэзалюцыя аб амністыі для палітычных вязьняў, пастаўленая сялянамі на зьезьдзе «Часовае Рады» ў Вільні 27-29 чэрвеня 1926 года. Зьмест яе наступны:

«Прыймаючы пад увагу, што за часы панаваньня ў Польшчы Хіена-Пястоўскіх рэакцыйных урадаў праводзіліся масавыя арышты асобаў, якія змагаліся проці пануючае рэакцыі, а таксама за культурна-нацыянальныя і сацыяльныя правы беларускага народу, што і да гэтага часу адбываюцца на нашых землях арышты і судовыя працэсы на падставе нескасаваных дагэтуль царскіх законаў, што турмы перапоўненыя змагальнікамі за лепшую долю нацыянальных меншасьцяў і наагул працуючых масаў, што ў зьвязку з адбыўшайся маёвай рэвалюцыяй у Варшаве польскія дэмакратычныя кругі і нават партыі стаяць за амністыю для палітычных вязьняў, што, урэшце, бяручы за прыклад перамену хадэцкага ўраду ў Літве на ўрад дэмакратычны, там, у Літве, праводзяцца амністыя для палітычных вязьняў, — зьезд прызнаець патрэбным зьвярнуцца да цяперашняга Польскага Ўраду, які паўстаў у выніку маёвае рэвалюцыі, каб працаваць пад гаслам маральнае санацыі стасункаў у краю, з дамаганьнем поўнае амністыі для палітычных вязьняў і скасаваньня даразных судоў і кары сьмерці».

Глядзіце таксама

Сам факт, што нат на штучна падабраным паўлюкевічаўскім зьезьдзе апынулася група людзей, якія патрабавалі амністыі, вельмі ярка сьведчыць, як глыбока гэтае дамаганьне пранікла ў масы Заходняй Беларусі, як папулярна яно.

Гэтага вымагае справядлівасьць. За свабоду сумленьня для ўсіх работнікаў і сялян, за права іх да арганізацыі без паліцэйскага падзелу на «prawomyslnych» i «nieprawomyslnych» мы будзем пасьлядоўна і цьвёрда змагацца.

Нат у польскай канстытуцыі стаіць пункт аб свабодзе сумленьня, хоць ён ніколі не праводзіўся ў жыцьцё. І мы маем права дамагацца ад ураду, называючага сябе ўрадам справядлівасьці, каб прыдзержываўся канстытуцыі, а што яшчэ больш важна – каб споўніў волю шырокіх мас народу.

Выпусьціце на волю ўсіх палітычных вязьняў!

Вось так нечакана 1926 год перацякае ў год 2024.

Далей рэдакцыя рашуча кідаецца ў бой з урадам Пілсудзкага

“Многа пекных слоў нагаварыла нам у сваіх нашумеўшых “дэклярацыях” тая польская нацыяналістычныя “лявіца”, якая і фізычна і маральна падтрымала пераварот маршала Пілсудзкага, запэўняючы нашы працоўныя масы, што ад гэнага перавароту настане і для нас “рай” у Польшчы. Але не дарма беларускія сяляне і работнікі аднясьліся да гэных пекных слоў дужа недаверчыва: з першых жа крокаў новага ўраду ясна відаць, чаго ад яго можа спадзявацца працоўная Беларусь.

Перадусім трэба адзначыць тыя крокі ўраду “маральнае санацыі”, якія датыкаюць сацыяльнае пытаньне, — у першую чаргу зямельную справу. Бо-ж справа беларуская ў Польшчы – гэта ня толькі справа нацыянальная, а і сацыяльная: ня можа быць месца для шырокага культурна-нацыянальнага руху там, дзе народ галодны, прыгнечаны эканамічна, вядзе жыцьцё нейкіх паднявольных рабоў.

Урывак з газэты

Урывак з газэты

Пасол Васыньчук зьвярнуўся да пана прэм’ера з запытаньнем: ці запраўды тыя грошы, якія пастаўлены ў бюджэце на выдаткі міністэрства зямельных рэформ ў наступным квартале, прызначаны на асадніцтва? На гэта галава ўраду пан Бартэль адказу ня даў. І ўжо на пленуме Сойму той-жа пасол Васыньчук сцьвярдзіў, як незапярэчаны факт, што ўрад дае на асаднікаў вялізарную суму грошы, абмяжоўваючы гэтым блізу ўсю сваю дзеяльнасьць па правядзеньню ў жыцьцё зямельнае рэформы.

А можа хоць падатковы цяжар палягчэе? – І на гэта адказ дадзены ўрадам паноў Бартля-Післудзкага. Падаткі ўсе падыймаюцца на 10%. На рахунак гэнае падбаўкі пан Пілсудзкі ўжо загадаў выплаціць пэнсіі вайсковым за ліпень у павялічаным разьмеры.

А мо’ для школ будзе зроблена? Мо’ паадчыняюць урэшце хоць тыя школы, на якія пададзены ўжо летась даклярацыі? Аб гэтым нічога не чутно. Ня чутно і аб падрыхтоўцы вычыцялёў для гэных школ.

Усе папярэднія ўрады тлумачыліся тым, што ў скарбе няма грошы на адчыняньне беларускіх школ. Але на польскія – хапала! На асаднікаў – таксама! Хапала і на тое, каб трымаць у вастрогах 6,5 тысяч палітычных вязьняў, каб дзеля змаганьня з вызвольным рухам працоўных і нацыянальных меншасьцяў утрымліваць цэлую армію паліцэйскіх і шпікоў рознага гатунку.

А што было ў першым нумары?

Газэта выйшла з інтрыгоўным пачаткам:

На падставе ўмовы з рэдакцыяй «Беларускае Справы», якая дзеля тэхнічных прычын ня здолела на гэтым тыдні выпусьціць другі нумар, усім падпішчыкам «Беларускае Справы» рассылаецца гэты нумар «Народнае Справы».

Справа пратрымалася да канца 1926 года, калі была зачыненая польскімі ўладамі.

Абвестка 1926 года

Абвестка 1926 года

Ліст у Рэдакцыю

Не палегчала нам цяпер, а яшчэ большыя перасьледваньні церпім! Цяпер у Кобрынскім павеце прайшла хваля арыштаў – вінавацяць усіх у камунізме. Узялі здаровых, маладых хлапцоў – проста кроў з малаком, — а выпусьцілі, — не знайшоўшы віны, — страшных, што хоць у труну кладзі…

Але – кажуць – за бітага двох нябітых даюць. Усе гэтыя зьбітыя, скатаваныя – гэта навабранцы, хлопцы поўныя сілы і веры! А вось вынік таго, што яны перацярпелі. Пасьля прызыву ў войска ў Кобрыне яны, у знак пратэсту, дэманстратыўна прайшлі па горадзе пяючы Інтэрнацыянал!

Урывак з газэты

Урывак з газэты

Бэніта Мусаліні – Язэп Пілсудзкі

З такім загалоўкам выйшаў артыкул аб публічнай лекцыі Серашэўскага ў Вільіні.

Як ведае кожын з нашых чытачоў, манархізацыя польскага грамадзянства ідзе адначасна з абодвух бакоў: справа і зьлева. Мы ня будзем тутака спыняцца на даволі ясных ужо прычынах гэтага зьявішча. Скажам толькі каротка, што гэтая манархізацыя Польшчы  - просты вынік яе мілітарызацыі. А мілітарызацыя выклікаецца агульным унутраным складам і ладам і вонкавым палажэньнем Польскай дзяржавы. Польскае грамадзянства паставіла сябе і сваю дзяржаву ў такое палажэньне, што яна павінна ўсьцяж рыхтавацца да свайго роду “рашучага і апошняга бою”, — як унутры, так сама і вонках.

Адным з найбольш яркіх і талентных павадыроў ідэолягаў гэтай мілітарна-цэзарыстычнай польскай лявіцы зьяўляецца ведамы расейска-польскі пісьменьнік Серашэўскі.

Адразу напачатку лектар вылажыў свой “грамадзкі ідэал” манархіста: дзяржава складаецца з “Таўпы і Павадыра-героя”… Таўпа, народ, грамадзянства, гэта ж – стада. Але ж запраўднае жыцьцё духа і дзела ідзе ў глыбі “цудоўнай, неаблічальнай адзінкі”, - “Павадыра”, які, на жаль, “так коратка трываець”… “Таўпа” хай сабе жыве, плодзіцца і размажаецца, не клапоціцца ні аб чым: усе яе патрэбы вычувае “Павадыр”, які, як антэна ў радыёапараце, ловіць усе жаданьні, думкі, лятуценьні таўпы-народу, каб пасьля – “выбухнуць бомбай”, ці – “пераваротам”, ці – вайной, ці зьменай Канстытуцыі, ці ўрэшце, можа, і заменай Рэспублікі на манархію…

Глядзіце таксама

Гэткія “Павадыры” – гэта “вогненныя слупы”, якія ідуць наперадзе м вядуць народ за сабой… А народу трэба толькі – ісьці, кланяцца ды дзякаваць гэтым “слупам” і ўсім, каго яны паставяць – за ласку і ўвагу…”

Відаць сёньняшнія дыктатары з Менску і Масквы таксама зачытваліся гэтым пісьменьнікам з далёкага 1926-га года.