Не стала мастачкі Алены Лось

У Мінску 14 ліпеня памерла таленавітая беларуская мастачка Алена Лось. У лютым яна адзначыла сваё 80-годдзе.



aliena_losj_na_pruzanshcynie_2008_h_.jpg

Алена Лось на Пружаншчыне, 2008 г.

З Аленай Георгіеўнай у 2008 годзе мяне пазнаёміў пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік. Мы разам былі на Пружаншчыне, наведалі мясціны, дзе прайшлі дзіцячыя гады будучай мастачкі. Гэта было яе развіттанне з маленькай радзімай.

Сама Алена Лось нарадзілася ў Вільні. Скончыла Віленскі дзяржаўны мастацкі інстытут.З 1963 года з’яўлялася сябрам Беларускага саюза мастакоў. Яна аздабляла кнігі беларускіх народных казак “Ох і залатая табакерка” (1967), “З рога ўсяго многа” (1968), кніжкі Алеся Якімовіча “Вераб’іныя госці” (1960), Васіля Віткі “Дударык” (1965), Змітрака Бядулі “Скарб” (1966), Авяр’яна Дзеружынскага “Кую-кую ножку” (1967), Ніла Гілевіча “Загадкі” (1971), Уладзіміра Ягоўдзіка “Бабуліна варта” (1999), “Слова пра паход Ігаравы” (1986) і дзясяткі іншых беларускіх кніг.

rvch.jpeg

rv.jpeg

r.jpeg

Мастачка працавала таксама і ў станковай графіцы. Адна за адной з’яўляліся цэлыя серыі яе лінарытаў: “Дзеці Белавежы” (1966), “Людзі на Прыпяці” (1973), “Радасць працы” (1976) і іншыя. Не абмінула Алену Лось і захапленне літаграфіяй. Яна стварыла цыкл каляровых літаграфій па матывах беларускага фальклору і паэзіі Янкі Купалы, а таксама паводле палескіх вандровак.

alena_los_z_muzham_1961_g_.jpeg

Алена Лось з мужам, 1961 г.

Шмат твораў Алены Лось сёння захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі ў Мінску, у Дзяржаўнай Трацякоўскай галерэі ў Маскве, у Пружанскім палацыку-музеі, у Літаратурных музеях Янкі Купалы і Якуба Коласа ў Мінску, у мемарыяльным музеі Аляксандра Пушкіна ў Маскве і ў іншых музеях і галерэях.

alenalos_z_mamaj_bratam_1914_g_.jpeg

Алена Лось з мамай і братам