Альгерд Бахарэвіч: У гісторыі беларускага болю так і не пастаўленая кропка

Альгерд Бахарэвіч у выдавецтве «Янушкевіч» выдаў новую кнігу — «Ператрус у музеі», у якой ён паспрабаваў зьмясьціць падзеі апошніх гадоў у Беларусі ў міталягічнае вымярэньне, упісаўшы гэта ў эўрапейскі мастацкі наратыў. Гэта кніга пра сёньняшні час, пра сапраўдны боль, пра жудасны цынізм і крывадушнасьць.

zunmjzvqkfccmu5n3yvo51z11kuqp390_logo.jpg.webp

«Ператрус у музеі» — цыкл апавяданьняў, навеяны падзеямі пасьля 2020 году. Яе галоўныя героі — карнікі і судзьдзі, зьняважаныя і зьняволеныя. Тыя, хто фармуе жахлівую бесчалавечную рэальнасьць, і тыя, хто стаў ахвярамі сыстэмы РБ.

Радыё Свабода пагутарыла з пісьменнікам пра новую кнігу.

«Ператрус у музэі» — кніга, якую я проста ня мог не напісаць»

— Альгерд, рыхтавалася да размовы пад уражаньнем тваёй новай кнігі «Ператрус у музэі», збору апавяданьняў пра тое, што адбывалася і адбываецца зь беларусамі апошнія тры гады. У гэтай кнізе можна пазнаць вельмі многіх: шмат людзей, вуліц, месцаў і рэальных гісторый. Калі і чаму ты вырашыў напісаць пра Беларусь і беларусаў 2020–2022-га і чаму была абраная такая форма?

— Ведаеш, надоечы ў сацсетках я натрапіў на такую дзіўную думку (хоць думкай гэта назваць цяжка): маўляў, навошта нам раманы і апавяданьні пра 2020-21 год, калі ёсьць рэальныя гісторыі рэальных людзей? Згодна з такой лёгікай, навошта людзям «1984» Оруэла, калі ёсьць дакумэнтальныя сьведчаньні пра таталітарызм, навошта Быкаў, калі ёсьць успаміны пра вайну, і навошта «Дон Кіхот», калі можна проста пачытаць гісторыю Гішпаніі?

Увесну ў мяне выйшла ажно тры кнігі па-беларуску, усе яны вельмі розныя. Дык вось «Ператрус у музэі» — кніга, якую я проста ня мог не напісаць. У жніўні 2020-га каля Стэлы да мяне падышла незнаёмая жанчына і спытала: «Вы ж напішаце пра нас усіх, пра ўсё гэта, праўда?» Яна зьвярнулася да мяне як да раманіста, як да празаіка, а ня як да журналіста. «Ператрус у музэі» — тое, што баліць, спроба зьмясьціць падзеі апошніх гадоў у Беларусі ў міталягічнае вымярэньне, бо толькі так можна асэнсаваць тое, што з намі адбываецца — упісаўшы гэта ў эўрапейскі мастацкі наратыў. Зрабіўшы беларускую трагедыю і беларускую рэвалюцыю фактам ня толькі гісторыі і палітыкі, але і тэкстам у жанры fiction.

А яшчэ гэтыя апавяданьні напісаныя для таго, каб на Захадзе ведалі і памяталі пра наш боль і наш супраціў. Увосень апавяданьне «Карнікі» з гэтай кнігі выйдзе ў ангельскім перакладзе — і, я спадзяюся, дапаможа ангельскамоўнаму чытачу зразумець штосьці, што губляецца ў патоку навін. Кнігі пішуцца для вечнасьці. І, можа, праз сто гадоў нейкае апавяданьне зь «Ператрусу» скажа людзям больш за навуковыя дасьледаваньні, цікавыя толькі гісторыкам, дый тое ня ўсім.

Я задумаў гэтую кнігу ў Менску, а напісаў яе ў Грацы ўлетку 2022-га. Форма апавяданьняў абраная таму, што раман напісаць было немагчыма: у гісторыі беларускага болю так і не пастаўленая кропка, наш боль — гэта мноства малых і страшных гісторый, а не адна вялікая і завершаная.

«Я ня ведаю, ці можна спыніць зло. Літаратура на гэта дакладна ня здольная»

— Я хацела пагаварыць пра такіх пэрсанажаў кнігі — карнік, калгасьнік, ябацька, судзьдзя, цэнзар, службіст, прапагандыст, людзі ў чорным. Гэта не карыкатурныя адмоўныя пэрсанажы, ты спрабуеш улезьці ў галовы тых, хто пашырае зло. Чаму гэта важна для цябе як для пісьменьніка і як беларуса ў выгнаньні? І ці можна, разумеючы прыроду і лёгіку зла, спыніць ягоны распаўсюд?

— Зло заўсёды робіць першы ход, так зроблены сьвет. Яно дзейнічае — а мы рэагуем. Ці не рэагуем. Зло заўсёды актыўнае, а дабро... Дабро як бы проста існуе, як нешта дадзенае, і прынята лічыць, што гэтага хапае. Я веру ў тое, што ў кожным з нас ёсьць сьветлы і цёмны бок. Дык вось фашыстоўскія, таталітарныя рэжымы займаюцца тым, што актывуюць зло ў людзях. Усё, што адбываецца потым, — гэта толькі рэакцыя на боль. Напэўна, дабро — гэта і ёсьць здольнасьць рэагаваць на боль. Ня толькі свой, але і чужы.

У «Ператрусе ў музэі» ўсе «карнікі» розныя, але маюць адну агульную рысу: яны ня ўмеюць сьмяяцца. Яны занятыя «сур’ёзнай справай», ім усім здаецца, што яны абаронцы, але насамрэч яны абараняюць выключна саміх сябе — ад суду гісторыі. Нагледзеўшыся на карнікаў і судзьдзяў у Беларусі, начытаўшыся аповедаў тых, хто зазнаў сапраўдныя рэпрэсіі і глядзеў злу ў вочы, я прыходжу да высновы, што прычына панаваньня зла палягае ў асабістай адказнасьці, у гісторыі і ў страху.

Нас заўсёды вучылі, што мы, беларусы, ахвяры — і людзі звыкліся, што яны ні ў чым ня могуць быць вінаватыя. Сталінізм ня быў асуджаны і выкрыты як сьлед — і ўрокі гісторыі не былі вывучаныя. Калі дзяржава не прызнае гісторыі і робіць выгляд, што яе можна забараніць, калі дзяржава існуе па бандыцкіх законах — мысьленьне яе грамадзян заўсёды будзе вызначацца страхам перад грубай сілай.

Я ня ведаю, ці можна спыніць зло. Літаратура на гэта дакладна ня здольная. Але яна можа і павінна захаваць памяць пра злачынствы, яна можа і павінна дапамагчы захаваць чалавека ад распаду.

Глядзіце таксама

«Сьмерць тырана заўсёды азначае шанец на перамены»

— У апошнім апавяданьні ідзе размова пра абсалютнае зло, чалавека, пасьля якога заўсёды праветрываюць пакоі. Што вырашае сьмерць абсалютнага зла, сьмерць тырана? Што ты будзеш адчуваць па-чалавечы і па-пісьменьніцку, калі даведаемся пра сьмерць Лукашэнкі?

— Сьмерць тырана заўсёды азначае шанец на перамены. Я ня ведаю такога прыкладу ў гісторыі, калі пасьля сыходу дыктатара не мянялася нічога. Мне цяжка сказаць, што я буду адчуваць, але, мяркую, тое самае, што мільёны беларусаў. Не злараднасьць, не. Радасьць, палёгку і чаканьне перамен. Сыход тырана — гэта аднаўленьне справядлівасьці. Сьветам кіруе зло, але расплата ўсё роўна прыходзіць. За згубленыя і загубленыя жыцьці, за сьлёзы бацькоў, жонак, мужоў, дзяцей. За страчаныя пакаленьні. За вымушаную эміграцыю сотняў тысяч таленавітых маладых людзей. За ганьбу, за здраду, за гвалт. За ганебны вобраз Беларусі ў сьвеце. За зьнішчэньне мовы і культуры. За Ўкраіну. Дажыць бы.

«У тым, што адбываецца ў Беларусі, ёсьць і частковая віна заходніх аплотаў дэмакратыі»

— Ці ёсьць у цябе адказ, за што гэта ўсё беларусам — Лукашэнка амаль 30 гадоў, брутальныя рэпрэсіі, саўдзел у агрэсіі супраць Украіны, пагрозы, зьвязаныя зь ядзернай зброяй, цяпер імаверная прысутнасьць надзвычай небясьпечных вагнэраўцаў? У чым правіна беларусаў, што ўсё так разьвіваецца і практычна немагчыма на ўсё гэта паўплываць?

— Я ня веру ў калектыўную віну і калектыўную адказнасьць. Вінаватыя канкрэтныя людзі і канкрэтныя ідэі, і тут ужо можна гаварыць пра адказнасьць тых, хто гэтыя ідэі прасоўваў. Агонія савецкай імпэрыі расьцягнулася на дзесяцігодзьдзі. І даўжэй за ўсё яна працягваецца там, дзе імпэрыя прарасла найглыбей. Людзі ня могуць проста так пераскочыць з саўка ў дэмакратыю.

Усім нам хочацца, каб перамены адбыліся за адну ноч, але так не бывае. Чалавек слабы і, як правіла, ня мае гістарычнага мысьленьня, а значыць, не атаясамлівае сябе зь мінулым і ня думае пра наступствы свайго выбару ў будучым. Тыя, хто выбіраў Лукашэнку ў 1994-м, казалі, што мова каўбасы не заменіць. Тыя, хто падтрымлівае рэжым цяпер, думаюць прыкладна на тым самым узроўні.

Усё, што мы можам зрабіць цяпер — гэта пастарацца захаваць сябе, не зрабіцца тымі, у каго нас хочуць ператварыць. Наогул, я лічу, што ёсьць чатыры варыянты. Змагацца. Уцякаць. Маўчаць. І служыць рэжыму. Чатыры — гэта больш за адзін. Таму шанец ёсьць.

Мы жывём у сьвеце, дзе ўсё даўно ўзаемазьвязана. У тым, што адбываецца ў Беларусі, ёсьць і частковая віна заходніх аплотаў дэмакратыі. Пасьля распаду СССР там вырашылі, што гэта магчыма: дэмакратычная імпэрская Расея. І закрылі вочы на многае... На вайну ў Чачні, напрыклад. Але дэмакратычная імпэрыя — гэта нонсэнс. Пуцін прыйшоў да ўлады, бо слабой Расеі дазволілі застацца імпэрыяй. Дазволілі захаваць Беларусь у сфэры свайго імпэрскага ўплыву. А трэба было ісьці да канца. Дамагацца распаду ня толькі СССР, але і Расейскай імпэрыі. Захад верыў Расеі да апошняга і пакідаў нас зь ёй сам-насам. А вінаватымі сёньня робяць тых, хто мае беларускі пашпарт. Браць на сябе адказнасьць за недальнабачную палітыку ня хоча ніхто.

Глядзіце таксама

«Вобраз гераічнай Беларусі хутка растаў»

— Ты і Юля Цімафеева — цяпер, бадай, самыя актыўныя беларускія літаратары, якія апублічваюць інфармацыю пра трагедыю ў Беларусі, вы гэта робіце штотыдзень некалькі гадоў запар у розных гарадах, на розных культурных пляцоўках. Чаму гэта важна? Што вы лічыце самым галоўным вынікам гэтага грамадзкага, і літаратурнага ў тым ліку, чыну?

— Дзе б мы ні выступалі, на якіх бы мовах ні гаварылі — мы імкнёмся ня даць людзям у вольным сьвеце забыць пра Беларусь. Тлумачым розьніцу паміж рэжымам і Беларусьсю. Расказваем пра палітзьняволеных. Знаёмім з нашай мовай і літаратурай. Бо на Захадзе і праўда шмат ілюзій і шмат стэрэатыпаў. Вобраз гераічнай Беларусі хутка растаў. Многія тут і праўда думаюць, што большасьць беларусаў падтрымліваюць вайну і аб’яднаныя вакол правадыра. Інфармацыі зь Беларусі прыходзіць усё менш, пра нашу краіну пішуць пераважна толькі ў кантэксьце вайны, і не-не, а пачуеш: а што Беларусь? Там жа ўсё ціха-спакойна.

І ты расказваеш, што і ў Беларусі ідзе супраціў. Што ідзе вайна дзяржавы супраць людзей. І ахвяраў усё больш. Часам мы выступаем перад беларусамі замежжа. Цяпер у іх зьявілася такая цікавасьць да беларускай літаратуры, што кожная размова зь імі — гэта і лекцыя, і споведзі, і літаратурныя чытаньні, і аўтограф-сэсія, і сяброўская размова... Беларусы разумеюць, што любы посьпех беларускай кнігі за мяжой, любы розгалас працуе на бачнасьць Беларусі ў сьвеце. Нядаўна я вярнуўся з варшаўскага Гучна-Фэсту. Аўтограф-сэсія расьцягнулася на некалькі гадзін, чытачы куплялі новыя кнігі, размаўлялі, дзяліліся ўражаньнямі, расказвалі свае гісторыі...

«На мае апошнія кнігі мне хапіла ўспамінаў пра тую Беларусь, якую я ведаў. Але ты ня можаш увесь час жыць успамінамі»

— У мяне склалася ўражаньне, што часам на цябе крыўдзяцца літаратары, якія засталіся ў Беларусі, нібы яны чуюць у тваіх выказваньнях цьверджаньне пра тое, што беларуская літаратура ствараецца цяпер за мяжой, і галоўная нязгода з гэтай тэзай — што ў Беларусі людзі працягваюць пісаць, і хай многае немагчыма публікаваць, але гэта ствараецца ў любым разе. Мог бы ты патлумачыць сваю думку наконт гэтага, а не яе інтэрпрэтацыі, якія можна пачуць?

— Шчыра кажучы, я пра такія крыўды чую вельмі рэдка. Пераважна ад адных і тых самых людзей. І ў мяне такое ўражаньне, што яны гавораць самі з сабой. Да іх далятае нейкае рэха — і далей яны ўключаюць мэханізмы самаабароны. Прывяду прыклады. Я не напісаў ні слова пра Менскую кніжную выставу, дзе госьцем была пуцінская Расея, хоць у мяне да выставы вельмі складанае стаўленьне. Якім жа было маё зьдзіўленьне, калі я прачытаў: Бахарэвіч накінуўся на тых, хто ўдзельнічаў у выставе, і назваў іх калябарантамі. Ну, гэта была звычайная хлусьня...

Або іншы прыклад. Я кажу перад сотняй людзей у Варшаве, што калі ў Беларусі ўсё зьменіцца, літаратары, якія супрацоўнічалі з прапагандай, будуць прыкрывацца тым, што яны проста займаліся «культуркай» і ні ў чым не вінаватыя. У «інтэрпрэтацыі» гэта гучала так: Бахарэвіч сказаў, што мы тут усе займаемся «літаратуркай», а літаратуру ствараюць толькі тыя, хто зьехаў. Што гэта? Глухата? Боль? Сапсаваны тэлефон? Крыўда? Магчыма, адбываецца нейкае зрашчэньне гэтых «інтэрпрэтатараў» зь дзяржаўнай прапагандай. Магчыма, забарона кніг, забарона на прафэсію для пісьменьніка ўжо ня лічыцца сярод іх вялікай бядой. Магчыма, для іх ужо няма розьніцы паміж тымі, каго я маю на ўвазе, і хто працуе на рэжым — і тымі, хто супраць. Калі ахвяра і кат доўга жывуць побач...

Я ня ведаю. Прынцып «ты тут не жывеш, дык і маўчы» я лічу заганным. Таму буду гаварыць і далей пра тое, што бачу на свае вочы. Я часта кажу пра тое, што шмат беларускіх пісьменьнікаў зьехала з краіны, а зь імі зьехалі і іх чытачы. Ня буду называць прозьвішчы, але давай зірнем на мой сьпіс тых, каго цаню, чытаю ці проста ведаю. Большасьць зь іх зьехалі пасьля 2020-га. Ня ўсе — і я за іх хвалююся. Яшчэ некалькі добрых літаратараў даўно стала жывуць за мяжой. Разумееш, я бачу, колькі людзей прыходзяць тут на літаратурныя імпрэзы. Іх сотні — і гэта паказвае маштаб выгнаньня. Я веру, што ў Беларусі пішуць кнігі, я веру, што там ідзе падпольны супраціў, я веру, што там нешта ствараецца, што там пішацца праўда пра Беларусь. Толькі вось інфармацыі пра гэта, на жаль, няма, бо людзі не афішуюць сваю дзейнасьць, са зразумелых прычын.

Ня трэба перамяншаць маштабы катастрофы і ствараць сабе ворагаў там, дзе іх няма, дамешваючы ў крыўду свае нерэалізаваныя амбіцыі і трошкі хлусьні, каб гучала больш пераканаўча. Усё і бяз гэтага выглядае вельмі страшна. У апошнім інтэрвію «Зеркалу» я казаў, што бачу, як імкліва расьце разрыў паміж тымі, хто зьехаў, і тымі, хто застаўся. І ня толькі гэты разрыў. Я ўжо ня ведаю, што адбываецца ў Беларусі, я ня ведаю, якія там пахі, гукі, чым жыве мой родны горад.

На мае апошнія кнігі мне хапіла ўспамінаў пра тую Беларусь, якую я ведаў. Але ты ня можаш увесь час жыць успамінамі. Гэта ня толькі разрыў зь Беларусьсю. Я ня ведаю і жыцьця беларускай эміграцыі ў Варшаве, Кракаве, Вільні, Тбілісі... Мы жывём далёка ад гэтых цэнтраў дыяспары, у нямецкамоўным сьвеце, дзе ўсё інакш. Мы тут адны. Цяпер вось жывём у Швайцарыі. І гэта важная задача ня толькі для мяне — каб і беларуская літаратура ў Беларусі, і беларуская літаратура ў Польшчы, Літве, Грузіі, і беларуская літаратура ў нашым зь Юляй бясконцым падарожжы хаця б у нечым захоўвала агульныя арыенціры. То бок свабоду, мову і чытача.

Глядзіце таксама

«Я не прэтэндую на тое, каб быць голасам палітвязьняў. Я прэтэндую толькі на тое, каб быць сабой»

— Беларуская трагедыя палітвязьняў — якое ты бачыш яе літаратурнае ўвасабленьне? Ці ўзяўся б ты напісаць кнігу пра сьмерці за кратамі?

— Не, такую кнігу я напісаць не наважыўся б. Каб пісаць пра такое, трэба мець турэмны досьвед, якога ў мяне няма. Хіба што ў фантастычнай прыпавесьці — а гэта ўсё часьцей тая самая адзіная форма, якая застаецца табе ў экзылі. Мяркую, такая кніга яшчэ напішацца. Але ня мной. Я магу пісаць толькі пра тое, што бачыў і перажыў сам — або тое, што расказалі мне людзі, досьведу якіх я давяраю. Пра трагедыю беларускіх палітвязьняў яшчэ выйдуць кнігі і будуць зьнятыя фільмы. Тут патрэбны зусім іншы талент, сьветлы і стваральны. А ня мой голас зь цёмнага лябірынту. Я не прэтэндую на тое, каб быць голасам палітвязьняў. Я прэтэндую толькі на тое, каб быць сабой.

— Як бы патасна ні гучала, але што табе цяпер дае надзею?

— Адкажу ня менш патасна. Каханьне — бо яно заўсёды побач. Творчасьць — бо я бачу, што яна камусьці патрэбная. І час — бо ён ідзе.