«Кожны дзень я прачынаюся і думаю: як выратаваць дзяцей?». Як жывуць беларусы ў Беларусі
«Салідарнасць» паразмаўляла з беларусамі ў Беларусі пра настрой, трывогі, планы. Усе імёны герояў змененыя.
Ганна (Мінск): «Веру ў лепшае і застаюся беларускай»
— Самы дарагі майму сэрцу чалавек — палітвязень. Таму я гляджу на асабістае жыццё і жыццё ў краіне праз гэтую сітуацыю. Пытанні эканомікі, узроўню жыцця, уладкавання гарадоў цяпер хвалююць мяне ў другую чаргу.
Зараз лета, на вуліцах Мінска шмат людзей. Жыццё выглядае мерным і звычайным, але цяпер яно праходзіць міма мяне. Усе мае знаёмыя, якія ведалі і разумелі сітуацыю ў краіне ад і да, з'ехалі. Бачу, што на працы калегі таксама разумеюць, што ў краіне відавочна нешта не так. Але ў многіх сем’і, дзеці, яны нават баяцца думаць і перажываць пра Радзіму. Мне таксама раяць не перажываць.
Ганна працягвае, што многія яе знаёмыя занятыя зарабляннем грошай. Шукаюць падпрацоўкі, на адзін заробак мала хто жыве. У арганізацыі, дзе працуе дзяўчына, цяпер назіраецца крызіс, але масава людзі не звальняюцца, дый новыя работнікі таксама перыядычна прыходзяць.
— Вядома, многія перажываюць за будучыню. Але ў асноўным за сябе і сваіх дзяцей. Я не сустракаю цяпер людзей, якія б перажывалі пра беларускую мову, культуру, пра тое, што нашу спадчыну разбурыла спачатку Расійская імперыя, потым Савецкі Саюз, а цяпер і рэжым Лукашэнкі.
З нагоды вайны людзі таксама перажываюць — баяцца ўварвання ў Беларусь. Хто расійцаў, хто ўкраінцаў, хто і тых, і тых.у многіх сваякі ў гэтых краінах, ці ўвогуле ў абедзвюх.
Ганна прызнаецца, што планаў на будучыню не будуе. Зараз дзяўчына прымушае сябе жыць і набірацца вопыту, каб потым будаваць жыццё, якое было б лепш сённяшняга.
— У мяне ёсць матывацыя. Пасля выхаду з турмаў блізкіх людзей сказаць ім: глядзіце, у нас ёсць гэта і тое, мы можам быць там і там, а не «прабачце, мне было цяжка, я сядзела і плакала». Калі палітвязні будуць на волі, ім патрэбныя будзем мы — жывыя і шчаслівыя.
У такі складаны для краіны і асабіста для Ганны час яе таксама падтрымлівае вера:
— Я веру ў Бога, што ён не пакіне нас і наш народ. Але для гэтага і нам трэба разумець, што мы жывем дрэнна не толькі праз Лукашэнку, а яшчэ і таму, што гадамі падтрымліваем савецкі менталітэт у сваіх сем'ях, не цікавімся сваёй гісторыяй, культурай і мовай. Я веру ў лепшае і застаюся беларускай.
Віталь (Віцебск): «Гэта раней людзі маглі спрачацца на палітычныя тэмы, цяпер усе баяцца розных меркаванняў»
— Ёсць нейкая напружанасць, асабліва ў сувязі з апошнімі падзеямі і магчымым прыездам «вагнераўцаў». Неяк незразумела, для чаго яны тут.
Што яшчэ хвалюе? Катастрафічна вырас долар. Калі я планаваў адпачынак, 1000$ была роўная 2400 беларускім рублям, а цяпер — блізу 3100. А адпачываць за мяжой трэба за долары. У выніку не паехаў, вырашыў адпачыць у Беларусі.
Мужчына таксама адзначае, што фірма, у якой ён працуе, перыядычна сутыкаецца са складанасцямі праз санкцыі. Віталь працуе на амерыканскім абсталяванні. Калі адбываецца нейкая паломка, арыгінальныя запчасткі пастаўляюцца ў абыход санкцый, што займае тры-чатыры месяцы.
— Калі так адбываецца, у нас прастой. Фірма садзіцца на картатэку і не плаціць нічога, акрамя падаткаў. Гэта значыць зарплату работнікі не атрымліваюць.
Заработная плата ў будаўнічай сферы, па словах Віталя, «стаіць на месцы».
— Па сабе не скажу, але вось у знаёмых у Віцебску гэта дзесьці 800-860 рублёў. Людзі скардзяцца, але не звальняюцца. Нікога не трымаюць: не падабаецца — сыходзьце. Нядаўна да нас уладкаваўся падсобнікам малады хлопец. Прыйшоў, бо нічога іншага знайсці не мог, хоць у яго ёсць аўтамабільная катэгорыя C. ездзіў нават у Мінск, заплаціў агенцтву 120 рублёў за пошук працы, і нічога.
Пры гэтым за мяжой сітуацыя на рынку працы істотна адрозніваецца. Напрыклад, некалькі маіх былых калег з'ехалі працаваць ад польскай фірмы ў Германію. Пасля аплаты абавязковых выдаткаў у іх на руках застаецца дзве тысячы еўра. Гэта значыць, каласальная розніца нават з сярэднім заробкам у Беларусі.
Віталь прызнаецца, што навінамі ў Беларусі цікавіцца і перыядычна іх чытае.
— У электронным варыянце-гэта незалежныя СМІ, па тэлебачанні гляджу толькі анонсы навін, не далей. А што там цяпер? Прапаганда і адна вайна, больш нічога не паказваюць. З апошніх навін больш за ўсё здзівіла навіна пра тое, што да нас прыедуць байцы ПВК Вагнера.
Паказваюць, быццам гэта станоўчая з'ява для нашай краіны — пераняць ваенны вопыт. А тры месяцы таму казалі, што ПВК складаецца з завербаваных крымінальнікаў. Які станоўчы вопыт яны павінны нам даць?
У асяроддзі Віталя сёння мала размаўляюць на палітычныя тэмы. У асноўным — пра надзвычайныя здарэнні, кошты, бытавыя моманты.
— Цяпер людзі баяцца розных меркаванняў. Гэта раней маглі спрачацца, а цяпер, напэўна, прапаганда зрабіла сваю справу і людзі абмяркоўваюць такія тэмы толькі ў коле блізкіх людзей. Баяцца іншадумства.
Суразмоўца прызнаецца, што часам задумваецца пра пераезд з Беларусі. У асноўным праз фінансавы складнік, хоць і не выключае, што эмацыйна адчуваў бы сябе ў іншай краіне «не такім залежным».
Кiрыл (Лепель): «Будаваць планы на будучыню, калі тут робіцца такі гамон, гэта як спадзявацца на старога»
— Лепель — файнае месца для жыцця. Тут адносна спакойна, але чуваць выбухі з палігонаў ды й расійскія вайскоўцы ездзяць па горадзе і ўдзень, і ўночы. Бачу, што горад апошнім часам значна палепшыўся візуальна, але ж праблемы ўсё тыя ж: няма моладзі дзе патусіць, і праз гэта адзінае выйсце — алкаголь і цыгарэты, ось так маладыя сабе шкодзяць.
Мяне вельмі моцна трывожыць прысутнасць расійскіх вайскоўцаў. Яны звычайна напіваюцца і ладзяць усялякія дэбошы з дракамі. Cтрашна за дзяцей і жанчын...
Ад навінаў, прызнаецца хлопец, ён абстрагаваўся, бо там «няма нічога новага». Але калі з'яўляецца штосьці цікавае і пра гэта паўсюль пішуць, ад навін не ўхілішся.
Знайсці працу ў Лепелі, кажа Кірыл, цяжка, асабліва з заробкам вышэй за 800 рублёў.
— Што тычыцца планаў… Будаваць планы на будучыню, калі тут робіцца такі гамон, гэта як спадзявацца на старога — няма сэнсу. Проста жывеш сёння і не ведаеш, што будзе заўтра.
Пра пераезд я пакуль не думаю. Я вельмі моцна люблю свой край, Беларусь і людзей, што тут жывуць. Вельмі моцна прывязаўся да месца, і пакінуць яго я ўжо не магу, бо душа балець будзе.
Марына (жыве ў адным з гарадоў на ўсходзе Беларусі): «Я не такой долі хацела для сваіх дзяцей»
— У горадзе атмасфера такая, быццам нічога не адбываецца. Усюды вісяць чырвона-зялёныя сцягі, пастаянныя святочныя мерапрыемствы — то Дзень горада, то Дзень незалежнасці, то яшчэ што. Але я не бачу ў людзях нейкай радасці, натхнення, летняга настрою. Нават калі ўсё вакол чыста і прыгожа, гэта здаецца нейкім несапраўдным. Вось мы збіраемся з сяброўкамі і абмяркоўваем: гэтыя кветкі, сцягі — які гэта жах і як гэта недарэчна.
Навінавую стужку Марына прагортвае кожны дзень: чытае праўладныя і апазіцыйныя тэлеграм-каналы, а таксама незалежныя СМІ.
— Самае жудаснае за апошні час — гэта смерць Пушкіна. Такія навіны наогул выбіваюць з каляіны. З добрага — нават не ведаю, парадаваць цяпер могуць толькі нейкія поспехі Украіны.
На працы людзі аддаюць перавагу навіны не абмяркоўваць. Начальства так і кажа: не трэба. Усе ўжо даўно ведаюць, хто якіх поглядаў прытрымліваецца, нешта абмеркаваць могуць толькі аднадумец з аднадумцам.
Пераканаць кагосьці супрацьлеглага меркавання я нават не спрабую. За тры гады пасля падзей 2020-га і год пасля пачатку вайны ва Украіне кожны зацвердзіўся ў сваіх перакананнях, і цяпер няма такога, каб цябе хтосьці слухаў і быў гатовы згаджацца. Падзел грамадства, вядома, ёсць, але людзі вымушаныя разам жыць і працаваць.
Жанчына таксама прызнаецца, што адчувае трывожнасць за будучыню сваіх дзяцей у Беларусі.
— Кожны дзень я прачынаюся з думкамі, як выратаваць дзяцей. Старэйшы з'ехаў за мяжу, у выніку наша сям'я падзеленая. Кожны раз, калі я езджу да яго ў госці, перажываю стрэс на мяжы.
Я не ведаю, як выратаваць малодшых дзяцей, якія жывуць са мной у Беларусі. Шмат чаго трымае тут, і я не магу проста ўзяць і з'ехаць. Дзеці жывуць у несвабоднай краіне, якая ў іх тут будучыня? Трэба будзе станавіцца альбо на адну пазіцыю з уладай, зазіраць ім у вочы і падтакваць, удзельнічаць у мерапрыемствах. Бо альтэрнатыўнага меркавання цяпер у Беларусі быць не можа.
Я не такой долі хацела для сваіх дзяцей — хацела, каб яны маглі жыць у свабодзе, выбіраць, Што рабіць і што казаць. Трэба, напэўна, ім неяк вырывацца адсюль.
Сама Марына таксама перыядычна задумваецца пра эміграцыю:
— Часам я думаю: калі са мной пакуль яшчэ нічога дрэннага не адбываецца, то гэта проста пашанцавала. Ніхто не ведае, што будзе заўтра. Улічваючы, што ў мяне адно дзіця знаходзіцца за мяжой, гэта ўжо робіць мяне падазронай асобай, як у 1937 годзе. Таму жывеш на пастаянным стрэсе. Радасці жыцця няма, пакуль працягваюцца вайна і рэпрэсіі.
Усё, што падбадзёрвае і трымае на плаву, — гэта
сустрэчы з сябрамі і аднадумцамі, разуменне, што ты не адзін, і нейкія поспехі
дзяцей, вядома.