«Адзінабожжа — дэградаваная форма рэлігіі»?
Сёлета пабачыў свет зборнік «Пра паганства і балтаў» з бібліятэкі часопіса «Свайкста». Не чулі пра такое? А дарэмна. За апошнія гады гэта ці не адзіная спроба асэнсавання балцкага пытання ў Беларусі ды паганства з пазіцыяў… не, не гісторыкаў і фалькларыстаў, але саміх паганцаў.
Пагартаўшы выданне, па-шчырасці, нават цяжка вызначыць ягоны жанр. Ці тое зборнік навуковых артыкулаў, ці тое духоўна-канспіралагічныя перажыванні, накладзеныя на мапу Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі… Насамрэч, тут ёсць усё: і антрапалогія, і філалогія, і гісторыя рэлігіі. Аўтар, нібы калядоўшчык, які ходзіць па заснежанай вёсцы сярод ночы, назбіраў у свой мех усялякага-рознага.
Акрамя скончаных думак тут гучаць пытанні. Сапраўды, а чаму ў нас нічога не кажацца пра «Яцвяжскі слоўнік», знойдзены некалі на Палессі ў якасці падшытага дадатку да каталіцкага малітоўніка? Ці мова, на якой размаўлялі старажытныя яцвягі настолькі вядомая альбо – не цікавая нікому?..
Чаму ў Беларусі дагэтуль няма аніводнай універсітэцкай кафедры балтыстыкі? Ёсць жа славянскія — як моўныя, так і гістарычныя… Наогул, колькі нашых гісторыкаў, што займаюцца перыядам ВКЛ, хаця б літоўскую ведаюць? Калі не, то як працуюць з дакументамі і працамі калегаў з Прыбалтыкі? Ці зноўку — тое не цікава?..Усё гэта зводзіць аўтара ў канспіралогію. Балцкі вектар у нас, маўляў, адмыслова замоўчваецца, каб ніхто не сумняваўся ў трыадзінстве “рускага народу” і агульнай славянскай спадчыне рускіх , украінцаў і беларусаў. З іншага боку — артыкулы ў зборніку не маюць аўтарства, ёсць адно рэдактар – Алесь Мікус. Навуковыя спасылкі ёсць толькі ў адным артыкуле. Як тады зборнік стане пераканаўчым аргументам нават для студэнта-гісторыка?
Іншы вектар кнігі — гэта паганства і містыка. Нават у навуковых артыкулах аўтар гэтага не абмінае. Напрыклад, калі піша пра загадкавы пажар у доме, дзе захоўваўся «Яцвяжскі слоўнік» узгадвае, што ў шыбу пачаў біцца матыль – нібы душа захавальніка таго манускрыпта… У зборніку Вы не знойдзеце практычных парадаў, як шанаваць паганскіх багоў, затое дазнаецеся пра сучасны стан паганства ў свеце і некалькі «восяў» паганскіх краінаў: «вось Ісландыя-Літва-Марый-Эл» ды «Перу-Індыя-Японія».
Алесь Мікус
Не памылюся, калі назаву кнігу антыхрысціянскай: адзінабожжа тут называецца «дэградаванай формай рэлігіі», хрысціянскія вераванні і практыкі параўноўваюцца з «дэструкцыйнымі ідэямі», якімі «не бавіліся нашы продкі». Таксама кніга скіравана і супраць сучаснага глабалізаванага свету. Жыць у «кубіках кватэраў», успрымаць дрэвы адно як сыравіну, карыстацца распрацоўкамі Стыва Джобса — усё гэта азнакі «Калі-Югі», канца часоў.
Здаецца, калі б усе гэтыя семантычныя лабірынты былі пакладзеныя ў мастацкую форму, кніга мела б адназначны поспех! Атрымаўся б такі сабе апакаліптычны раман ці зборка аповесцяў. У любым разе, пагаджацца ці не з напісаным у зборцы «Пра паганства і балтаў» і Алесем Мікусам, усё гэта – новае слова на тле састарэлых мантраў а-ля «Вільня наша!» і спрэчак пра спадчыну ВКЛ.
Чытайце, абурайцеся, спрачайцеся! На тое кнігі і пішуцца.