Адбыўся “Кірмаш праектаў” для праграмы “Магілёў — культурная сталіца СНД і Беларусі”

Ініцыяваны  грамадскай культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі!" і падтрыманы аддзелам культуры Магілёўскага гарвыканкама, праект меў на мэце вынайсці цікавыя і запатрабаваныя ідэі, якія змаглі б узбагаціць  жыццё абласнога горада, што здабыў высокі статус. Упершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі абмеркаванне прапановаў адбылося ў фармаце грамадскай дыскусіі.



kp.jpg

У вітальным выступе намесніца кіраўніка аддзела культуры Магілёўскага гарвыканкама ІрынаЖабарава зазначыла, што падобная сустрэча з’яўляецца не толькі магчымасцю палепшыць праекты па ўжо запланаваных накірунках культурніцкай дзейнасці, але і прыняць новыя: “Мы меркавалі, што грамадскасць прачнецца і выкажа сваё бачанне. Менавіта таму “Кірмаш праектаў уключаны ў план мерапрыемстваў культурнай сталіцы.

tarantino_by_2013_kirmash_praektay_magiley_6563.jpg

На сённяшні момант у плане ужо ёсць 9 зацверджаных накірункаў, але калі новыя праекты пададуцца цікавымі, горад не выключае сваёй падтрымкі. А выбраць і падтрымаць ёсць з чаго: 15  прадстаўленых праектаў закранулі самыя розныя бакі ў сацыякультурным жыцці горада (ад патрыятычнага графіці ды вершаў беларускіх паэтаў у грамадскім транспарце да алеяў памяці і абароны помнікаў гісторыі). Да канца тыдня арганізатары сустрэчы абяцаюць прадэманстраваць праекты на сваіх рэсурсах у інтэрнэце.

tarantino_by_2013_kirmash_praektay_magiley_6635.jpg

Па прызнанню Ніны Шыдлоўскай, каардынатара кампаніі “Будзьма беларусамі!", сустрэча стала здзяйсненнем адной з мараў — “аб’яднаць нарэшце намаганні творцаў, грамадскіх  арганізацый, адпаведных дзяржаўных органаў, каб пашыраць беларускую культуру ва ўсіх яе праявах". Менавіта ў Магілёве адбылося першае ток-шоў з серыі “Культура паляпаше жыццё", таму і першае грамадскае абмеркаванне праектаў выглядае тут цалкам лагічна і мусіць стаць прыкладам для ўсёй краіны.

tarantino_by_2013_kirmash_praektay_magiley_6651.jpg

tarantino_by_2013_kirmash_praektay_magiley_6926.jpg

На прэзентацыю сваіх прац кожнаму ўдзельніку давалася 5 хвілін, пасля чаго аўтары адказвалі на пытанні залы. У фінале мерапрыемства пры дапамозе спецыяльных апытанак гледачы маглі адзначыць усе праекты па дзесяцібальнай шкале па катэгорыям «Актуальнасць», Унікальнасць і “Магчымасць рэалізацыі". Гэтыя рэкамендацыі будуць улічаныя, калі калегіі падвядуць канчатковыя вынікі “Кірмашу". Сайт Магілёўскага гарвыканкама паведамляе пра адметнасць і магчымае ўключэнне ў праграму "Культурнай сталіцы"  пяці з праектаў "Кірмашу" .

tarantino_by_2013_kirmash_praektay_magiley_6669.jpg

tarantino_by_2013_kirmash_praektay_magiley_6982.jpg

Руплівая праца рэгіянальнага каардынатара “Будзьма беларусамі!" Юрася Стукалава па арганізацыі адкрытых прэзентацый стала моцным падмуркам для далейшага канструктыўнага дыялогу ў грамадстве. Магілёў ужо атрымаў сертыфікат “культурнай сталіцы краінаў СНД і Беларусі" і фармаванне культурніцкай праграмы пераходзіць у актыўную фазу. Прыклад грамадскай дыскусіі і “Кірмашу" праектаўзацікавіў і Гомель, дзе нядаўна адбылася першая грамадская сустрэча. Адкрытыя прэзентацыі ў абласных цэнтрах адбудуцца неўзабаве.

Алесь Плотка, PR-мэнэджар грамадскай культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі!"