«А запражыце каня варанога»: на спеўным сходзе ўзгадалі творчасць Рыгора Барадуліна (фота)
У мінскім Палацы мастацтва 23 кастрычніка сабраліся аматары беларускай народнай песні і ўсё тыя, хто толькі хоча навучыцца яе выконваць.
Гэтым разам спеўны сход разам з гуртом «Re1ikt» прысвяцілі вечар народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну і яго зборніку фальклору «Песні матчыны з Вушаччыны».
Адным з арганізатараў ініцыятывы выступіў саліст гурта «Vuraj» Сяргей Доўгушаў. Ён і стаў настаўнікам вечара: музыка не толькі вучыў рытміцы спеваў, але нават і пастаноўцы правільных гукаў, што вельмі важна для харовага вакалу. Сяргею Доўгушаву таксама дапамагаў баяніст Яўген Курыльчык.
Пасля выканання некалькіх песень у холе палацу ўдзельнікаў запрасілі ў канферэнц-залу на невялічкі канцэрт «Re1ikt». Музыкі літаральна пару дзён таму прадставілі свой новы альбом «Kufar». Падчас выступу яны зноў сыгралі «Дробненькі дожджык» Барадуліна.
Наступны спеўны сход будзе прысвечаны творчасці беларускага кампазітара Станіслава Манюшкі. Ён адбудзецца 25 кастрычніка ў галерэі «Ў». Запрашаем, уваход вольны!