130-годдзе Яна Семашкевіча адзначылі ў Ключанах

У гонар 130-х угодкаў з дня нараджэння паэта-святара Яна Семашкевіча ў Клюшчанскім касцёле адбылася памінальная імша.



ostrovets_by_svjatar.jpg

Я ўжо там адной нагой…
Штось слаба мне… Бывай здароў,
Прыяцель мой адзіны!
Жыві, працуй праз шмат гадоў
Для долі лепшае Айчыны.

Гэты верш, напісаны ў 1934 годзе, моцна хворы ў той час паэт Янка Быліна (ксёндз Ян Семашкевіч) прысвяціў ксяндзу Вінцэнту Гадлеўскаму, нават  не здагадваючыся, што звяртаецца ў ім не толькі да сябра і аднадумцы, але і да ўсіх нас — да тых, хто жыве ўжо ў новым, ХХІ стагоддзі: “…жыві, працуй праз шмат гадоў для долі лепшае Айчыны!

Святар, паэт, драматург… А яшчэ — гарачы патрыёт роднай старонкі і змагар за беларускую мову ў касцёле.

Ён нарадзіўся ў сялянскай сям’і і быў чацвёртым дзіцём у сваіх бацькоў Казімера Семашкевіча і Уршулі з Масцяніцаў. У 1907 годзе скончыў  Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю. Служыў спачатку вікарыем, пасля ксяндзом у Ільі на Вілейшчыне, у Цудзенішках на Ашмяншчыне, у Дварцы на Слонімшчыне, у Лаварышках і Медніках на Віленшчыне. З 1928 года быў прызначаны святаром у Дукшты Троцкага павету, а ў 1937 годзе  пераведзены адтуль у Ялаўку каля Свіслачы. Апошнія парафіі, дзе яму давялося служыць, — Міхалова і Бомбля на Беласточчыне.

Ян Семашкевіч быў добра знаёмы з многімі беларускімі дзеячамі тых часоў: з Адамам Станкевічам, з Вацлавам Ластоўскім… І сам Быліна актыўна ўдзельнічаў у беларускім руху.

Падчас Першай сусветнай вайны разам з Уладзіславам Талочкам ён прадстаўляў беларускае каталіцкае духавенства ў Віленскім камітэце дапамогі пацярпелым ад вайны; у 1917–1918 гадах прымаў удзел у арганізацыі і правядзенні ў Вільні Беларускай канферэнцыі; унёс сваю лепту ў падрыхтоўку «Мемарыялу» беларускага каталіцкага святарства, прадстаўленага на агульнапольскай канферэнцыі біскупаў 19 мая 1925 года.

Ён з’яўляецца аўтарам зборнікаў паэзіі «На прызьбе» (Вільня, 1918, 1926), «На покуці» (Вільня, 1934), рэлігійных твораў «Ружанец да Найсвяцейшае Дзевы Марыі» (Вільня, 1928), «Песні жальбы, або набожныя разважанні аб муках і смерці Збаўцы Езуса Хрыста» (Вільня, 1929), «Дарога крыжа» (1930).

З 1933 года і да смерці ксёндз Ян Семашкевіч служыў на Беласточчыне — у Янаве, Бомблі, Мар’янава. У Мар’янаве пабудаваў касцёл.

Памёр святар 18 лютага 1956 года ў плябаніі. Людзей занепакоіла адсутнасць яго на ранішняй імшы. Калі яны выламалі дзверы ў плябанію, аказалася, што ксёндз ляжаў там нежывы. Напэўна, напісаўшы наступныя радкі, святар-паэт прадчуваў абставіны сваёй смерці:

Мне трэба аднаму ісці
За тыя вечныя вароты,
Адкуль няма ўжо павароту…

Па завяшчанні ксяндза яго пахавалі сціпла. Ля касцёла — як першага пробашча створанай ім парафіі. Помнік, зноў жа па завяшчанні, паставілі просты, без грунтоўнасці.

У мінулую нядзелю па ініцыятыве краязнаўцы са Спондаўшчыны спадарыні Іаланты Валуевіч у гонар 130-х угодкаў з дня нараджэння паэта-святара Яна Семашкевіча ў Клюшчанскім касцёле адбылася памінальная Імша. Яе на беларускай мове адслужыў ксёндз Анатоль Захарэўскі з Міхалішак.

Пасля заканчэння Літургіі тут жа, у касцёле, адбылася прэзентацыя відэафільма пра Яна Семашкевіча (аўтар — Іаланта Валуевіч), а потым загадчыца Дайлідскага сельскага Дома культуры Валянціна Гайдуль і загадчык бібліятэкі Дзмітрый Максімаў прачыталі (і вельмі ўдала!) некалькі баек Янкі Быліны. Сваімі песнямі ўпрыгожылі імпрэзу Людміла Кухарэвіч, Уладзіслава Карвэль і Аляксандр Якіменка.

А потым усе прысутныя накіраваліся на Клюшчанскія могілкі — да сімвалічнай магілы ксяндза Семашкевіча, дзе памяць аб ім ушанавалі малітвай.

Ганна Чакур, www.ostrovets.by


Фота Дзмітрыя Дамарада